Зь сёньняшняга дня ў Беларусі значна ўзрасьлі кватэрная плата, аплата за тэлефон ды іншыя камунальныя паслугі, а таксама тарыфы на міжгародныя аўтобусныя перавозкі. Неўзабаве ўлады плянуюць удвая падвысіць плату за праезд у наземным грамадзкім транспарце. А падвышэньне заробкаў і пэнсіяў урад мае намер правесьці толькі ў студзені. 1 сьнежня жыхары Беларусі даведаліся, што іхныя сямейныя бюджэты напярэдадні Новага году чакае дадатковае выпрабаваньне. Гэтак, Міністэрства эканомікі выдала пастанову павысіць на 20% кватэрную плату. Яшчэ адзін дакумэнт міністэрства дазваляе вабласным ворганам выканаўчай улады й менскаму гарадзкому выканаўчаму камітэту самастойна павысіць сьнежаньскія тарыфы на гарачую ваду й ацяпленьне. Праўда, пакуль сталічныя ўлады канкрэтнага рашэньня наконт падвышэньня коштаў на гэтыя паслугі не прымалі. Аднак, як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, падвышэньне можа адбыцца ў любы дзень. Дабілася свайго й Міністэрства транспарту й камунікацыяў. Савет міністраў дазволіў яму даволі значна падняць кошты на праезд у міжгародных аўтобусах. Гэтак, цяпер за паездку да сваякоў зь Менску, напрыклад, у Берасьце ці Гомель людзі павінны заплаціць 1.000.000—1.200.000 рублёў. Раней такая паездка ў адзін бок каштавала 500.000—600.000 рублёў. У міністэрстве таксама не выключаюць, што ўжо ў сьнежні ўдвая падымецца плата на праезд у аўтобусах, тралейбусах і трамваях. Ад міністэрстваў эканомікі й транспарту не адстае й Міністэрства сувязі. Зь сёньняшняга дня на 80.000—100.000 рублёў павысілася абанэнтавая плата за карыстаньне тэлефонам, на 300 рублёў вырас кошт і адной хвіліны размовы. Напалову паднята плата за карыстаньне радыёкропкаю. Як жа адрэагавалі на значнае падвышэньне коштаў людзі? Зь дзясятка апытаных мною мінакоў на менскіх вуліцах толькі адная жанчына не ўбачыла ў росьце цэнаў анічога дрэннага, аднак дадала пры гэтым, што добра было б, каб вырас і заробак. Гаворыць настаўніца Сьвятлана: (Сьвятлана: ) "Відаць, ураду лепш бачна, таму што даражэе нашае жыцьцё і трэба троху павялічваць кошты, але да гэтага трэба і зарплату падвысіць". Авось думка гандляркі садавінаю і гароднінаю Тамары: (Тамара: ) "Адмоўна. Дорага ўсё. Заробак вельмі малы, Заробак ня так падымаецца, як кошты". Прадпрыймальнік Валеры лічыць: "Камунальныя паслугі ціснуць у бальшыні сваёй на старых. Для мяне гэтае падвышэньне не праблема, гэта капейкі, а старым людзям вельмі цяжка". Хатняя гаспадыня Вольга сказала, што падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі "б'е па кішэні, што зробіш. Увогуле, калі параўнаць з сусьветным узроўнем, то ў нас сьмешная кватэрная плата, але, калі паглядзець на нашыя заробкі, то кошт паслугаў вельмі вялікі". "Калі кошты растуць, то заробкі й пэнсіі павінны адпаведным чынам індэксавацца", – лічаць мінакі на сталічных вуліцах. Але ўлады падвышаць пэнсіі й заробкі ня вельмі сьпяшаюцца. У Савеце міністраў зьбіраюцца зрабіць індэксацыю толькі са студзеня. Прычым, канкрэтнага рашэньня яшчэ не прынялі. Саўмінаўскія чыноўнікі пакуль толькі выказваюць меркаваньне, што, магчыма, стаўка 1-га разраду будзе складаць 4.000.000—5.000.000 рублёў. Але якая палёгка можа быць ад такога падвышэньня заробкаў, калі тэмпы інфляцыі ў краіне дасягаюць 15% у месяц?