Навіны 23 лістапада 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былому старшыні праўленьня Ашчаднага банку Ўладзімеру Хілько скарочаны тэрмін зьняволеньня з 3,5 да 1,5 гадоў. Такое рашэньне сёньня прыняла калегія Менскага гарадзкога суду, якая разглядала касацыйную скаргу былога вядомага банкіра. Адвакаты Хілько спадзяюцца, што ў хуткім часе ён выйдзе на волю.

Калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суду пад старшыняваньнем Рыгора Казырыцкага палічыла магчымым скараціць тэрмін пакараньня Ўладзімера Хілько, улічыўшы "стан здароўя і станоўчыя характарыстыкі" былога банкіра.

Маецца на ўвазе, што Хілько, які зараз знаходзіцца ў шпіталі, прызнаны цяжка хворым, і што раней ён ніколі не прыцягваўся да судовай адказнасьці.

Нагадаю, улетку Фрунзэнскі раённы суд прызнаў Уладзімера Хілько вінаватым у незаконнай выдачы двух валютных крэдытаў агульным памерам 3 мільёны даляраў і асудзіў яго да трох з паловаю гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, суд забавязаў Хілько вярнуць дзяржаве 3 мільёны даляраў, якія былі пазычаныя расейскаму камэрцыйнаму банку "Янтарь" і латвійскаму банку "Латінтрэйд" і дагэтуль ня вернутыя.

Фрунзэнскі суд палічыў, што Хілько парушыў закон, даўшы дазвол на выдачу крэдытаў у замежнай валюце, не маючы на гэта ліцэнзіі. Дарэчы, гэтая выснова засталася ў сіле й пасьля сёньняшняга разгляду касацыйнае скаргі.

Між тым, адвакат Сьвятлана Маргулец спасылалася на вельмі аўтарытэтныя крыніцы. У прыватнасьці, яна прыводзіла меркаваньні Вячаслава Кебіча, былога прэм'ер-міністра Беларусі, і Станіслава Багданкевіча, тагачаснага старшыні Нацыянальнага банку.

І спадар Кебіч, і спадар Багданкевіч даводзілі гарадзкому суду, што ў той час існуючыя інструкцыі не забаранялі Хілько прымаць такія рашэньні, а тое, што крэдыты ня вернутыя, яшчэ не азначае, што іх ня вернуць ніколі, бо зараз за іх у адказнасьці правапераемнікі банкаў "Янтарь" і "Латінтрэйд" – гэта Цэнтральны банк Расеі ды Нацыянальны банк Латвіі.

Прадстаўнік гарадзкой пракуратуры Сяргей Касьпяровіч такія надзеі назваў безпадстаўнымі. "Грошы ня вернутыя , а тыя, каму яны перадаваліся, прызнаныя банкрутамі. Хілько мусіў быў ведаць, што дае грошы фактычным банкрутам, і таму немагчыма паверыць, што ён выдаў крэдыты без асабістае зацікаўленасьці",– лічыць пракурор.

Той факт, што ані сьледзтва, ані судовае расьледваньне не даказалі злачынныя матывы ў дзеяньнях Хілько, не паўплываў на меркаваньне пракурора.

Адвакат Сьвятлана Маргулец спрабавала давесьці суду яшчэ адзін важкі аргумэнт – што Хілько прызналі вінаватым на падставе высноваў экспэртызы, якая была праведзеная з цэлым шэрагам працэсуальных парушэньняў і некампэтэнтна.

Сьвятлана Маргулец казала: "Уся беда ў тым, што нашае сьледзтва нават не пажадала спытаць меркаваньне ў незалежных адмыслоўцаў. Што такое міжбанкаўскі крэдыт, якая існуе практыка выдачы гэтых крэдытаў у іншых банках, ці адносяцца такія нявернутыя крэдыты да стратаў? Ніхто ня хоча гэта чуць, таму што яны ведаюць, што пачуюць тое, што ім ня трэба чуць. Лягчэй завесьці справу й абвесьціць чалавека злычынцам".

Гарадзкі суд не прыслухаўся і да гэтых довадаў абароны і пакінуў бяз зьменаў большую частку прысуду, зьмяніўшы толькі тэрмін пакараньня з 3,5 да 1,5 гадоў.

Аднак і гэта для былога банкіра азначае фактычнае хуткае вызваленьне. Хілько адседзеў за кратамі год і два месяцы, што больш чым дзьве траціны тэрміну, таму можа прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Сваякі банкіра не хаваюць радасьці з нагоды сёньняшняга рашэньня гарадзкога суду. Вось што сказала нашаму Радыё Зінаіда Хілько:

(Хілько: ) "Я верыла і ведала, што мой муж не вінаваты. Ня меў ён ніякай мэты, выдаючы гэтыя крэдыты. Ён заўсёды жыў шчыра і сьціпла. Я вельмі шчасьлівая, што ўсё ж суд зрабіў саступку майму цяжка хвораму мужу, улічыў, што яго чакае цяжкая апэрацыя на сэрца. Мы шчасьлівыя…"