У Беларусі гэтымі днямі знаходзіцца місія камітэту Міжпарлямэнцкага зьвязу ў справе захаваньня правоў парлямэнтароў на чале са швайцарскім дэпутатам Франсуа Барэлем. Галоўная мэта іхняга візыту – збор інфармацыі пра парушэньне правоў парлямэнтароў у нашай краіне. Візыт у Беларусь сп. Барэля праходзіць у абстаноўцы пэўнай сакрэтнасьці. Невядома нават, па чыім запрашэньні прыехаў у Менск прадстаўнік Міжпарлямэнцкага зьвязу. У прэсавых службах Палаты прадстаўнікоў, МЗС і адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджаюць, што не запрашалі ў Беларусь Франсуа Барэля. Тым ня менш, швайцарскі парлямэнтар прыляцеў у Менск у пятніцу і за мінулыя выходныя ўжо пасьпеў сустрэцца з прадстаўнікамі "Хартыі-97", жонкамі Віктара Ганчара, Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава, а таксама з шэрагам дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня й рэдактарамі "Народнай Волі" і "Навінаў" Іосіфам Сярэдзічам і Паўлам Жуком. Як паведаміла нашаму радыё прадстаўніца "Хартыі-97", дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова, сп. Барэля найперш цікавілі лёсы яе зьняволеных калегаў – парлямэнтароў Клімава й Кудзінава, а таксама зьніклага Ганчара. Паводле словаў спадарыні Гразновай, кіраўнік камітэта Міжпарлямэнцкага зьвязу хоча атрымаць дакладную інфармацыю пра становішча ў Беларусі зь першых вуснаў. Людміла Гразнова гаворыць, што прадстаўнікі Міжпарлямэнцкага зьвязу ня хочуць выказваць свае меркаваньні адносна парушэньня правоў парлямэнтароў у Беларусі да таго часу, пакуль справаздача сп. Барэля пра паездку ў Менск у пісьмовым выглядзе ня будзе прадастаўленая кіраўніцтву гэтае міжнароднай арганізацыі. Візыт старшыні праваабарончага камітэту Міжпарлямэнцкага зьвязу ў Менск некалькі разоў адкладваўся. Беларускія ўлады няспынна матывавалі немагчымасьць сустрэчы са сп. Барэлем вялікай занятасьцю высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. На думку дэпутатаў Вярхоўнага Савету, візыт быў для ўладаў абсалютна непатрэбным, паколькі ў Франсуа Барэля ёсьць шмат непрыемных пытаньняў да беларускіх чыноўнікаў. Чаму ў турмах знаходзяцца дэпутаты, якія не падзяляюць палітычныя погляды Аляксандра Лукашэнкі; чаму іншыя апазыцыйныя парлямэнтары пазбаўленыя працы; чаму на іх заводзяць крымінальныя й адміністратыўныя справы? Кіраўнік ніжняе палаты прэзыдэнцкага парлямэнту Анатоль Малафееў, гэнэральны пракурор Алег Бажэлка, міністры нутраных справаў і юстыцыі Юры Сівакоў і Генадзь Варанцоў, зь якімі прадстаўнікі Міжпарлямэнцкага зьвязу сустрэнуцца сёньня, заўтра й пасьлязаўтра, будуць вымушаныя адказваць на гэтыя пытаньні. Нагадаю, што Міжпарляманцкі зьвяз, які аб'ядноўвае 138 краінаў, зьяўляецца фактычна адзінай міжнароднай структураю (акрамя міжпарлямэнцкай асамблеі СНД), якая прызнае паўнамоцтвы створанага Лукашэнкам нацыянальнага сходу. Беларусь уступіла ў гэтую арганізацыю ў 1995 годзе, а з красавіка па верасень 97-га паўнамоцтвы афіцыйнага Менску ў гэтай арганізацыі былі прыпыненыя з-за драздоўскага скандалу.