Навіны 18 лістапада 1999 г.

Любоў Лунёва, Менск

(эфір 17 лістапада)
Сёньня ў судзе Першамайскага раёну Менску скончылася грамадзянская справа ў зыску Міны Шмялёвай да мэдыка Аляксандра Філіповіча наконт кампэнсацыі за інваліднасьць. Інвалідам сп. Шмялёва стала ў выніку лекаваньня. Суд адмовіў у зыску.

Справу Міны Шмялёвай да мэдыка Аляксандра Філіповіча – першую за апошнія гады атрымалася давесьці да суду. Аляксандар Філіповіч, прыхільнік нетрадыцыйных мэтадаў у мэдыцыне, на першым сеансе мануальнае тэрапіі моцна стукнуў жанчыну па пазваночніку. У выніку пераламаўся пазванок.

Пасьля некалькіх безвыніковых мэдычных камісіяў у Менску сп. Шмялёва зьвярнулася да маскоўскіх спэцыялістаў. Там падцьвердзілі дыягназ.

У судзе Першамайскага раёну пад час разгляду справы высьветлілася, што Аляксандар Філіповіч, нэўрапатоляг паводле спэцыяльнасьці, у 93-м годзе за 6 тыдняў праслухаў курс мануальнае тэрапіі. Гэтага хапіла, каб атрымаць ліцэнзію на прыватную дзейнасьць. Зараз ён пазбаўлены ліцэнзіі за шэраг парушэньняў. Нягледзячы на гэтыя абставіны, суд вырашыў адмовіць у зыску сп. Шмялёвай.

Міна Шмялёва заявіла нашаму радыё:

(Шмялёва: ) "Я два гады намагалася, каб мне паставілі правільны дыягназ. У выніку дзеяньняў некампэтэнтавага й нядобрасумленнага лекара я зрабілася інвалідам. Ён зламаў мне пазваночнік.

Мой лад жыцьця пасьля гэтага рэзка зьмяніўся. Я пазбаўленая магчымасьці жыць самастойным паўнавартасным жыцьцём. Мне неабходна дапамога іншых людзей. Я сутыкнулася з тым, што лекары, калі гутарка йдзе аб іхным калегу, выступаюць адзіным фронтам, каб засьцерагчы яго ад судовай адказнасьці.

У выніку атрымліваецца, што мэдыкі папросту баяцца стварыць судовы прэцэдэнт. Яны баяцца таго, што суды накрые хваля такіх справаў.

Такім чынам, я засталася ні з чым. Калі нейкі злачынца ўдарыць чалавека й зробіць яго інвалідам, ён абавязкова панясе пакараньне. А, калі ён у белым халаце, то гэта застанецца без наступстваў для яго".

Адвакат сп. Шмялёвай Тацяна Станкевіч выказала сваю думку:

(Станкевіч: ) "Я лічу, што суд ня меў падставаў адмаўляць у зыску. Бо грамадзянскае заканадаўства патрабуе, каб у адпаведнасьці з гэтым артыкулам сам адказчык даводзіў сваю невінаватасьць. У дадзеным выпадку ў матэрыялах справы мелася маса доказаў на карысьць таго, што Шмялёва страціла здароўе ў выніку траўмы. Філіповіч так і ня здолеў даказаць сваю невінаватасьць.

Калі выдавалася ліцэнзія Філіповічу, таксама быў шэраг парушэнняў. У прыватнасьці, экспэртавае заключэньне аб тым, што Філіповіч можа займацца мануальнай тэрапіяй было падпісанае пасьля таго, як ліцэнзія ўжо была атрыманая за подпісам намесьніка міністра аховы здароўя Сакалоўскай.

Мы будзем абскарджваць рашэньне суду ў гарадзкім судзе. І будзем патрабаваць правядзеньня мэдычнай экспэртызы ў Маскве".

Сытуацыя, якая склалася ў сфэры аховы здароўя, вымушае людзей зьвяртацца да судмэдэкспэртаў па-за межамі Беларусі. Бо, калі міністэрства аховы здароўя выдае сумніўным спэцыялістам ліцэнзіі на прыватную дзейнасьць, то, ў выпадку калецтва або гібелі людзей, міністэрства пакрывае злачынцаў у белых халатах.

Відавочна, менавіта таму міністэрства пільна сочыць, каб хадайніцтвы аб правядзеньні незалежнай ад яго экпэртызы не задавальняліся ў праваахоўных ворганах.