Навіны 16 лістапада 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Сёньня роўна два месяцы як зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае сьледзтва, узбуджанае гарадзкой пракуратураю, не пасунулася ў дасьледаваньні абставінаў зьнікненьня, а таму тэрмін афіцыйнага сьледзтва будзе падоўжаны. Вынікаў працы грамадзкае камісіі, створанае дэпутатамі Вярхоўнага Савету, таксама няма.

За два месяцы, што мінулі з моманту зьнікненьня дэпутата Віктара Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, аніякае цьмянае вэрсіі адносна здарэньня так і не зьявілася.

Афіцыйныя ўлады, якіх апазыцыя падазрае ў датычнасьці да зьнікненьня Віктара Ганчара, за два месяцы не прадэманстравалі імпэту ў пошуку аднаго з самых актыўных крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйнае сьледзтва разглядае 5 вэрсіяў зьнікеньня. Пра гэта нашаму радыё заявіў сьледчы гарадзкой пракуратуры Сяргей Новікаў:

(Новікаў: ) "Новага нічога няма. Адзінае, што я магу сказаць – тэрмін сьледзтва, вызначаны законам, два месяцы. Тэрмін сьледзтва будзе падоўжаны, бо ня ўсе пытаньні, зьвязаныя са зьнікненьнем Ганчара і Красоўскага, адпрацаваныя. Тэрмін сьледзтва ў гэтай крымінальнай справе будзе падоўжаны.

На сёньняшні момант, так бы мовіць, жывымі вэрсіямі, у якіх праводзяцца апэратыўна-сьледчыя дзеяньні, зьяўляюцца 4-5 вэрсіяў. Пра іх сутнасьць я гаварыць не магу. А ўвогуле, практыка ідзе па такому шляху, што па бязь вестак зьніклым, калі няма дадзеных, што яны зьніклі і недзе гвалтоўна ўтрымліваюцца, справы ўзбуджаюцца паводле артыкула 101-га "Забойства". У нас у Крымінальным Кодэксе няма артыкула, які б гаварыў пра зьнікненьне чалавека".

Паведаміў сьледчы Сяргей Новікаў.

Вынікаў працы грамадзкае камісіі, якая была створана дэпутатамі Вярхоўнага Савету, таксама няма. Старшыня грамадзкае камісіі Ўладзімер Савічаў зараз знаходзіцца на сэмінары ў Швэцыі.

Самі дэпутаты тлумачаць адсутнасьць вынікаў працы грамадзкае камісіі тым, што Ганчара й Красоўскага скралі тыя ж самыя структуры, што Захаранку й Віньнікаву, а сьлядоў гэтыя службы як правіла не пакідаюць.

Жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда паведаміла, што за апошні месяц да яе не зьвяртаўся ніхто – ані з афіцыйных структураў, ані з грамадзкае камісіі.

(Зінаіда Ганчар: ) "Са мной ніхто не кантактуе, я зь імі таксама. Мне ніхто не тэлефануе, ніхто нічога не гаворыць. Лепш зьвярніцеся да самой грамадзкай камісіі. Мой стан можаце ўявіць самі. Сьледчы Новікаў абяцаў мне – сьледзтва мы вам створым. Але нават гэта ўжо зрабіць яны ня ў стане".

Паведаміла Зінаіда Ганчар. Яна лічыць , што двух месяцаў хапіла дзеля таго, каб беларусы пачалі забываць пра Анатоля Красоўскага й Віктара Ганчара.