Жонка экс-прэм'ера Міхала Чыгіра атрымала прапанову ад сьледчых у справе яе мужа падпісаць без заўвагаў пратакол азнаямленьня з абвінаваўчым заключэньнем узамен за абяцаньне перагледзець для Чыгіра меру стрыманьня. Той факт, што сьледчыя ідуць на гэты гандаль, Юлія Чыгір расцэньвае як дадатковы доказ беспэрспэктыўнасьці справы супраць Міхала Чыгіра. На гэтым тыдні Юлія Чыгір, якая як адвакат абараняе свайго мужа, пачала знаёміцца з абвінавачваньнямі. У наступны панядзелак яна плянуе падпісаць пратакол пра азнаямленьне з гэтымі абвінавачваньнямі й адначасова накіраваць у пракуратуру хадайніцтвы аб прыпыненьні справы. Прычына ў тым, што яна не знайшла у сабраных сьледчымі матэрыялах доказаў віны Міхала Чыгіра. "Нават у нашым беларускім судзе гэтая справа цалкам беспэрспэктыўная", – заявіла мне Юлія Чыгір, камэнтуючы дакумэнты справы. Адкуль такая упэўненасьць? Абаронца Чыгіра патлумачыла, што ў матэрыялах ёсьць нават такія дакумэнты, якія сьведчаць на карысьць экс-прэм'ера. "Гэта адбылося дзякуючы таму, што некаторыя сьледчыя, што ўваходзяць у групу па справе майго мужа, адказна паставіліся да справы. Калі гэтыя дакумэнты ня зьнікнуць і трапяць у суд разам з іншымі паперамі, абвергнуць іх будзе немагчыма", – упэўненая Юлія Чыгір. Яна мяркуе, што й сьледчыя таксама спадзяюцца на справядлівае завяршэньне гісторыі з арыштам і абвінавачваньнем былога прэм'ера, аднак перад імі пастаўленая задача давесьці справу да суду – і яны яе выконваюць. Юлія Чыгір паведаміла, што ўчора адзін са сьледчых спрабаваў заключыць зь ёй своеасаблівую дамову. Маўляў, яна без усялякіх заўвагаў падпісвае пратакол азнаямленьня з абвінавачваньнямі, што адкрывае шлях справе ў суд, а ўзамен сьледчыя абяцаюць перагледзець меру стрыманьня яе мужа. "Я гэты гандаль адхіліла з-за дзьвюх прычынаў. Па-першае, няма веры, што сьледчыя свае абяцаньні выканаюць, бо не ад іх усё залежыць. Па-другое, абвінавачваньні шытыя белымі ніткамі, доказаў аніякіх, – як я магу зь імі пагадзіцца?!!" – заяўляе Юлія Чыгір. * * * Пакуль жонка экс-прэм'ера спрабуе адстаяць добрае імя Міхала Чыгіра яшчэ да суду, былы міністар Васіль Лявонаў і дэпутат Андрэй Клімаў змагаюцца за свой гонар, седзячы на лаве падсудных. На гэтым тыдні пасьля перапынку працэсы над Лявонавым і Клімавым аднавіліся ў Вярхоўным і Ленінскім раённых судах. Асабліва значных падзеяў на іх пакуль не адбываецца – магчыма, таму слуханьні праходзяць без удзелу журналістаў (акрамя прадстаўніка "Радыё Свабода"). Між тым, маім калегам ёсьць пра што пашкадаваць… Напрыклад, на працэсе над былым міністрам Васілём Лявонавым быў закрануты цікавы момант, які сьведчыць пра тое, што рэжым фактычна займаецца подкупам вышэйшага чынавенства. Усе памятаюць відэастужку арышту Васіля Лявонава, калі на стале ў кабінэце міністра былі паказаныя амэрыканскія даляры. Колькі разоў гэтыя грошы потым дэманстравала беларуская тэлевізія. Але зараз высьвятляецца, што ў пратаколе затрыманьня Лявонава гэтыя грошы ўжо не фігуруюць. Куды ж яны падзеліся і што гэта за даляры? Сам былы міністр Лявонаў тлумачыць: гэта рэшткі прэміі ў 700 даляраў, якую ён атрымаў напярэдадні адпачынку 1997 году, за два месяцы да арышту. Усе вышэйшыя чыны, як сьцьвярджаюць сваякі Лявонава – міністры, начальнікі ў адміністрацыі прэзыдэнта – атрымліваюць такія прэміі, якія праходзяць у асобнай ведамасьці й не ўключаюцца ў памер штомесячнага заробку. Паводле сваякоў Лявонава, раней такія прэміі выплочваліся да адпачынку, а ў апошнія два гады іх сталі атрымліваць кожны квартал. Гэта фактычна закрытая ад народу сыстэма подкупу вышэйшага чынавенства, – лічаць сваякі былога міністра. Адвакат Лявонава Вольга Зудава падцьвердзіла, што ў матэрыялах справы ўзгадваньне даляраў, адабраных у Лявонава, зьнікла. "Куды падзеліся гэтыя грошы, ніхто не тлумачыць, але зразумела, што пра іх забыліся не выпадкова", – лічыць адвакат Зудава. Дарэчы, тэму даляраў, зьніклых з матэрыялаў справы, суд пад старшынствам судзьдзі Чартовіча старанна абыходзіць.