Навіны 01 лістапада 1999 г.

Ягор Маёрчык, Менск

Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску адмовіла журналісту й выдаўцу Ігару Гермянчуку ў тым, каб зарэгістраваць часопіс "Кур'ер" па адрэсе прыватнае кватэры..

Ігар Гермянчук ня ведае, калі пабачыць сьвет першы нумар часопісу "Кур'ер". Тэксты напісаныя, старонкі складзеныя. Але беларускія ўлады не вітаюць зьяўленьне новага недзяржаўнага выданьня. А таму спачатку адклікалі ліцэнзію, а цяпер ня хочуць яе аднаўляць.

Напрыканцы мінулага тыдню кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну спадар Мацкевіч не дазволіў зарэгістраваць выданьне па адрэсе прыватнае кватэры. Пры гэтым Мацкевіч спаслаўся на артыкулы новага Жыльлёвага кодэксу, які забараняе разьмяшчаць суб'екты гаспадараньня на жыльлёвых плошчах.

Рашэньне мяйсцовае адміністрацыі ў чарговы раз перакрэсьліла спадзяваньні Ігара Гермянчука выдаць першы нумар часопісу:

(Гермянчук: ) «Трэба як бы пачынаць працэдуру рэгістрацыі часопісу з нуля, па-новай. А гэта пэрыяд, які можа заняць пэрыяд ад трох да пяці-шасьці месяцаў. У выпадку аднаўленьня ліцэнзыі плянавалася выйсьці 15 лістапада, скрайні выпадак – 5 сьнежня. Але сытуацыя паказвае, што ні 5 сьнежня, ні 5 студзеня, ні 5 лютага, хутчэй за ўсё, выйсьці ў сьвет ня ўдасца».

Адзінае выйсьце з сытуацыі – знайсьці службовае памяшканьне, а потым зноў прасіць дазволу ў мяйсцовае адміністрацыі ды Дзяржкамдруку.

Галоўны рэдактар «Кур'еру» настроены пэсымістычна:

(Гермянчук: ) «Я паспрабую прайсьці праз гэта яшчэ раз, але ўжо асаблівага энтузыязму ў мяне няма. Для СМІ сытуацыя ўсё больш пагаршаецца, кіруючы рэжым закручвае гайкі ўсё далей і далей у сфэры СМІ, ды й зрэшты, як і ў іншых сфэрах».

Месяц таму Дзяржкамдрук Беларусі адклікаў ліцэнзіі на выданьне 9 газэтаў, бальшыня зь якіх – недзяржаўныя. Дзяржкамдрук папярэдзіў выданьні, якія зарэгістраваныя й месьцяцца ў жылых памяшканьнях, што да 10 лістапада яны мусяць знайсьці іншае мейсца. Інакш пасьведчаньне аб рэгістрацыі будзе адкліканае.

Зараз супрацоўнікі газэтаў шукаюць памяшканьні й адмаўляюцца ад інтэрвію. Маўляў, любое неасьцярожнае выказваньне можа сапсаваць усю справу.

Вось як камэнтуе сытуацыю Ігар Гермянчук:

(Гермянчук: ) «Гэта невыпадкова, але я думаю, што за гэтым пойдуць і далей. Пойдуць нейкія фірмы і іншыя прадпрымальніцкія структуры, якія зарэгістраваныя на хатнія адрасы. Будуць іх уціскаць з-за гэтых адрасоў, альбо пазбаўляць ліцэнзыяў, рэгістрацыі і гэтак далей. Так што, нічога добрага не чакае і астатніх».

Ён лічыць праблемы з памяшканьнямі не выпадковымі. Паводле Гермянчука, хуткім часам суб'екты гаспадараньня недзяржаўнае формы ўласнасьці сутыкнуцца з пагрозаю скасаваньня ліцэнзіяў і пасьведчаньняў аб рэгістрацыі.