Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.

Алесь Мікалайчанка, Менск

Мітынг ды памінальная імша з нагоды памяці нявінна расстраляных сталіністамі грамадзянаў Беларусі ўсё ж адбудзецца ў Курапатах 31 кастрычніка. Гэткае рашэньне сёньня прыняў Менскі вабласны выканаўчы камітэт, разгледзеўшы адпаведную заяўку групы жыхароў сталіцы. Яшчэ ўчора вабласныя ўлады спрабавалі адкласьці жалобныя ўрачыстасьці.

Як вядома слухачом "Радыё Свабода", кіраўніцтва Менскага вабласнога выканаўчага камітэту яшчэ ўчора было схільнае дазволіць грамадзянам Сяргею Папкову, Уладзімеру Юхо і Алесю Чахольскаму зарганізаваць памінальныя мітынг ды імшу ў Курапатах не 31 кастрычніка, як тыя прасілі , а 2 лістапада – у дзень, калі адзначаюцца Дзяды.

Урэшце рэшт, гэтае пытаньне ўлады вынесьлі на парадак дня сёньняшняга паседжаньня аблвыканкаму, а напярэдадні, учора ўвечары, правялі на гэты конт даволі прадстаўнічую нараду, якую вёў намесьнік старшыні Менскага вабаснога выканаўчага камітэту Ўладзімер Дражын.

Як распавёў мне Сяргей Папкоў, першымі, хто прад'явіў прэтэнзіі да заяўнікаў, былі юрысты. Яны даводзілі, што зьбіраць людзей у Курапатах трэба не 31 кастрычніка, а менавіта 2 лістапада. Гэта, маўляў, адпавядае календару.

Але вось ужо некалькі год, як улады пераўтварылі Дзяды са сьвяточнага ў звычайны, працоўны, дзень. Людзі ж у выніку змушаныя цяпер ісьці да магілаў памерлых продкаў як раз у бліжэйшыя выхадныя.

Шмат пытаньняў прадстаўнікі раённых і вабласных сілавых структураў задавалі Сяргею Папкову, Уладзіміру Юхо і Алесю Чахольскаму яшчэ з адной нагоды. Будуць або ня будуць лідэры ды актывісты БНФ, іншых апазыцыйных партыяў і рухаў ладзіць шэсьце па Менскай кальцавой дарозе пад час пераходу з Маскоўскіх могілак у Курапаты ці не? Пад якімі палітычнымі лёзунгамі будзе адбывацца шэсьце?

На што падпісанты заяўкі адказалі наступнае: маўляў, яны разумеюць, што ўшанаваньне памяці расстраляных сталіністамі землякоў ня ёсьць палітычнай акцыяй. Таму ў Курапаты менчукі будуць дабірацца індывідуальна або невялікімі групамі. І наўрад ці ў такі дзень усенароднай жалобы нехта будзе выгукваць нейкія лёзунгі.

Мусіць, аргумэнты заяўнікаў задаволілі чыноўнікаў, бо вабласны выканаўчы камітэт вызначыў, што ўсе памінальныя мерапрыемствы ў Курапатах маюць адбыцца 31 кастрычніка з 14 да 16 гадзінаў.

Сяргей Папкоў такую рэакцыю менскіх вабласных ды раённых уладаў назваў сіндромам 17 кастрычніка.