Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.

Любоў Лунёва, Менск

(эфір 27 кастрычніка)
Сёньня ў Савецкім судзе Менску студэнт Аляксей Сучкоў, які ня браў удзелу ў Маршы Свабоды, быў пакараны штрафам у памеры 29 мільёнаў рублёў за тое, што нібыта ўдзельнічаў у акцыі.

Сёньня ў Савецкім судзе Менску пад старшынствам судзьдзі Аксаны Рэлявы працягвалася паседжаньне паводле адміністрацыйнай справы студэнта Аляксея Сучкова.

Усе сьведкі зь ягонага боку сьцьвярджалі, што Аляксей са сваёй сяброўкаю ўвесь дзень правёў дома. Але сьведкі з боку міліцыі сьцьвярджалі зваротнае. Гэта былі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС Зьміцер Шуман і Андрэй Шорнік.

Міліцыянт Зміцер Шуман на пытаньні судзьдзі пра ягоныя абавязкі пад час правядзеньня шэсьця адказаў, што ягонай задачаю было "зьмяшацца" з натоўпам людзей, паводзіць сябе як і ўсе, але пры гэтым ён быў павінен так званай "групе із'яція" паказваць людзей, якіх трэба пасьля затрымаць. Шуман паведаміў, што на працягу шэсьця гэтыя "групы із'яція", таксама апранутыя ў цывільнае, ішлі ўздоўж калёны.

Другі супрацоўнік міліцыі, Андрэй Жорнік, паведаміў, што Сучкова ён бачыў у сярэдзіне калёны, дзе той выкрыкваў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі, але як быў апрануты – не памятае. На пытаньне судзьдзі, якім чынам міліцыянты даведаліся прозьвішча хлопца, і ці спраўдзілі яны, ці таго затрымалі (бо быў ужо позьні вечар) – міліцыянты адказалі, што ў гэтым не было неабходнасьці. Дастаткова было проста паказаць адзін раз чалавека днём "групе із'яція".

Цікава, што міліцыянты нават у Савецкім РАУС не пажадалі паглядзець на затрыманага. Патлумачылі гэта тым, што й без таго мелі шмат працы, бо кожнаму зь іх трэба было "здаць" па 12 чалавек і скласьці потым на іх рапарты. А прозьвішчы людзей ім паведамлялі "групы із'яція", для якіх пытаньне, ці той гэта чалавек, увогуле не прынцыповае, бо яны адказваюць толькі за колькасьць затрыманых.

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва Аляксея Сучкова скарыстацца апэратыўнай відэастужкаю і зачытала прысуд – 29 мільёнаў рублёў штрафу.

Аляксей Сучкоў, які вучыцца на юрыста, пракамэнтаваў гэты прысуд так:

(Сучкоў: ) "17 кастрычніка я ня ўдзельнічаў у мітынгу й шэсьці і, увогуле, усе тыя абвінавачваньні ня маюць да мяне аніякага дачыненьня.

Я быў у шоку ад таго, што ўбачыў і пра што даведаўся. І, магчыма, гэта і добра, што зараз я на самрэч уяўляю сабе, у якім стане знаходзіцца нашая праваахоўная сыстэма. Мяне разам зь іншымі затрыманымі білі, зьдзекваліся над намі. А суд увогуле мяне ўразіў. Цяпер я ўжо ведаю, які ён "самы гуманны ў сьвеце".