(эфір 20 кастрычніка)
1 студзеня 2000 году ў Беларусі зьявяцца новыя грошы. Яны будуць у тысячу разоў больш важкімі за цяперашнія. Такім чынам, у краіне з новага году мяркуецца 1000-разовая дэнамінацыя. Такое рашэньне прыняў сёньня Нацыянальны Банк краіны. Як стала вядома з добра інфармаваных крыніцаў, 19-га кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ "Аб зьмене намінальнай вартасьці грашовай адзінкі й маштабу цэнаў". У адпаведнасьці з гэтым Указам Рада дырэктараў Нацыянальнага банку на сваім сёньняшнім паседжаньні прыняла рашэньне зьмяніць з 1-га студзеня 2000-га году намінальную вартасьць беларускай грашовай адзінкі і маштаб цэнаў у 1000 разоў. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага Банку Анатоль Драздоў паведаміў нашаму Радыё некаторыя падрабязнасці гэтага рашэньня: (Драздоў: ) "Разьліковыя білеты Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусь узору 1992-99 гадоў выпуску будуць замененыя на білеты Нацбанку ўзору 2000-га году ў суадносінах 1000 рублёў старога ўзору на 1 рубель новых грошай. Мэтай згаданага рашэньня зьяўляецца ўзбуйненьне грашовай адзінкі дзяржавы, упарадкаваньне грашовага абарачэньня і спрашчэньне сыстэмы разьлікаў. Хацеў бы падкрэсьліць, што ўладальнікі грошай ня панясуць стратаў, і замена грашовых знакаў будзе праводзіцца паступова, ў працэсе абарачэньня. На паседжаньні Рады дырэктараў Нацбанку было вырашана выпусьціць у абарачэньне з 1-га студзеня новыя грашовыя купюры наміналам 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 рублёў. Каб насельніцтва хутчэй прывыкла да новых грошай, мяркуецца, што яны будуць нагадваць у асноўным грашовыя знакі старой сыстэмы. У такой жа прапорцыі будуць зьніжаныя цэны на тавары і паслугі. Разьліковыя білеты Нацбанку ўзору 92-99 гадоў застаюцца ў абарачэньні на тэрыторыі краіны на працягу ўсяго 2000-га году". Спадар Драздоў патлумачыў таксама нашаму Радыё, што разовага абмену старых грошай на новыя ня будзе. Паводле яго словаў, прадугледжваецца адначасовае ўжываньне старых і новых купюраў. Гэтак жа адначасова ў двух маштабах з 1000-разовай розьніцай будуць вымярацца ў краіне й цэны на спажывецкія і прамысловыя тавары.