Навіны 19 кастрычнiка 1999 г.

Віталь Цыганкоў, Прага

Пэўную дэдыктыўную афарбоўку набываюць акалічнасьці візыту Сямёна Шарэцкага ў Кіеў. Насуперак сьцьверджаньню Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, прэсавы сакратар кіраўніка украінскае дзяржавы заявіў сёньня, што сустрэчы Шарэцкага і Кучмы не адбылося.

Заўважым, што яшчэ ўчора прэсавая служба украінскага прэзыдэнта не абвяргала, але й не пацьвярджала факт сустрэчы Шарэцкага й Кучмы.

На тэму беларуска-украінскіх дачыньненьняў інтэрвію для нашага Радыё даў украінскі аналітык, дырэктар Інстытуту Палітыкі Мікола
Таменка.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Мікола, скажыце калі ласка, чаму, на Вашую думку, адміністрацыя прэзыдэнта Украіны і на гэты раз, як і ў выпадку з адмененым візытам Лукашэнкі, дае такую няўцямную інфармацыю адносна візыту Шарэцкага?"

(Таменка: ) "Адміністрацыя прэзыдэнта і тыя людзі, якія сёньня працуюць на дзейнага прэзыдэнта, знаходзяцца ў кепскай сытуацыі: з аднаго боку Кучма ў іх – рэфарматар эўрапэйскае арыентацыі, які прадстаўляе і абараняе нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны. Прынамсі такі вобраз яны выводзяць для звычайнага грамадзяніна Ўкраіны, таму што наяўная сытуацыя вымагае ад іх менавіта гэткіх падыходаў.

Зь іншага боку, яны аж занадта пабойваюцца і правізны і эўрапэізацыі свайго лідара, таму што ідзе барацьба, і надзея на тое, што частка людзей цэнтральнай і ўсходняй Украіны падтрымлівае яго. У сувязі з гэтым, такая рэакцыя была на сытуацыю з Лукашэнкам, калі прэса паведаміла, што прэзыдэнт нібыта запрашаў Лукашэнку, каб ён падтрымліваў яго ў часе выбараў, і была жорсткая заява Мартэнкі, што ніхто не зьбіраўся яго запарашаць і, наагул, гаворка ня йдзе пра якія б там ні было надзеі на Лукашэнку.

Я думаю, што падобнага пляну сытуацыя і вакол Шарэцкага".

(Карэспандэнт: ) "Як, на Вашую думку, падзеі ў Беларусі паўплываюць на перадвыбарчую сытуацыі на Украіне? Ці могуць украінскія палітыкі скарыстаць выбарчы вопыт Лукашэнкі?"

(Таменка: ) "На сёньняшні дзень у нас ёсьць адзін такі стоадсоткавы тэарэтык лукашэнкізму. Гэта – Натальля Вітрэнка. Больш таго, яна цьвердзіць, што Лукашэнка дзеіць у адпаведнасьці зь ейнай эканамічнай праграмай – не зразумела, як ён яе атрымаў і як рэалізоўвае.

Я думаю, што ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што Аляксандар Ткачэнка зойме больш памяркоўную і больш крытычную пазыцыю.

Я ведаю, што плянаваўся ягоны візыт у Беларусь, і я перакананы, што ён будзе скасаваны 31-га кастрычніка. Але, як празыдэнт, так і ягонае атачэньне, ўжо выкарыстоўваюць беларускі фактар.

Падрыхтаваны такі кліп, які дэманструецца энную колькасьць разоў на дзень па першым нацыянальным канале, дзе Беларусь у нас трэйцяя пасьля Чачні і Дагэстану, дзе паказана, як разганяюць дэманстрантаў і на гэтым тле паказваюць Леаніда Кучму, як міратворцу й носьбіта стабільнасьці й дэмакратыі.

У дадзеным выпадку гэты малюнак ёсьць выгодны для прэзыдэнта. Таму што каманда мае як бы новую канцэпцыю – асабліва пасьля расейскіх падзеяў, якія сёньня адбываюцца, зрабіць зь яго чалавека, што захаваў мір".

Гаварыў дырэктар кіеўскага Інстытуту Палітыкі Мікола Таменка.