Вулічныя акцыі прайшлі сёньня ня толькі ў сталіцы Беларусі, але й у іншых гарадох.
На паседжаньні Каардынацыйнае Рады дэмакратычных арганізацыяў Віцебску пытаньне – праводзіць у градзе "Марш Свабоды" ці не – дэбатавалася даволі доўга. Прыйшлі да высновы, што трэба праводзіць, бо ня кожны пры цяперашніх заробках, ня кажучы ўжо пра пэнсіі ды стыпендыі, мае лішні мільён, каб зьездзіць у сталіцу. А заставацца ў баку многія ня хочуць.
Удзельнікі ў ачапленьні міліцыянтаў прайшлі па вуліцы Суворава ад ратушы да помніку Уладзімеру Караткевічу і там правялі паўтарагадзінны мітынг, які, трэба адзначыць, адрозьніваўся ад папярэдніх.
Каля паловы прамоўцаў былі жанчыны. Яны сваёй шчырай усхвалёванасьцю стварылі на мітынгу нейкую ўзьнёслую атмасфэру.
А калі сямідзесяцігадовая спадарыня Яніда Жаўняровіч на чысьцюткай беларускай мове распавяла, што яна, далёкі ад палітыкі чалавек, прыйшла сюды, бо далей ўжо не магчыма жыць у такім жабрацтве, глядзець, як галадуюць дзеткі, і цярпець зьдзекі з усяго беларускага, дык праняло, нават, некаторых міліцыянтаў.
А ў глыбіні парку, за ланцугом аховы, сабралося яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек, якім не хапіла мужнасьці далучыцца да дзьвюх з паловай сотняў ля помніку, але якія ўважліва слухалі ўсіх выступоўцаў.
На мітынгу была прынятая рэзалюцыя, у якой, ў прыватнасьці, канстатуецца, што "пяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі былі безупынным адступленьнем ад яго клятваў, якія ён даваў на Канстытуцыі; груба парушаюцца асноўныя свабоды і самое права на жыцьцё; пасьля 20 ліпеня ўлада ў краіне ўзурпаваная".
Сярод патрабаваньняў мітынгу – скасаваньне некаторых указаў і дэкрэтаў, хуткае правядзеньне свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў, спыненьне ўсялякіх дзеяньняў па стварэньні хаўрусу з Расеяй і зьнішчэньні незалежнай дзяржавы Беларусі.
У дакумэнце зробленая заява, што ўсе подпісы пад дамовамі Лукашэнкі, які страціў легітымнасьць, прызнавацца ня будуць.
Рэзалюцыю вырашана накіраваць у адміністрацыю Лукашэнкі ды ў расейскія ворганы улады.
Ніякіх эксцэсаў з міліцыянтамі пад час правядзеньня акцыі не было.
Цікава, што ў апошні час самымі актыўнымі ўдзельнікамі дэмакратычных акцыяў у горадзе робіцца моладзь, людзі сталага веку ды прадпрыймальнікі, як найбольш безабаронныя ў сёньняшняй цяжкай сытуацыі.