Як стала вядома, Дзяржаўны камітэт друку Беларусі адмовіў у ліцэнзіях на выданьне газэты "Наша Свабода" і часопісу "Кур'ер". Мы ўжо раней паведамлялі, што пасьля фактычнага спыненьня выхаду з-за агромністага штрафу газэты "Навіны" газэта "Наша Свабода" мусіла стаць ейным пераемнікам. Але ж і лёс часопісу "Кур'ер" апынуўся ў залежнасьці ад лёсу газэты… У тэлефоннай размове зь Менску галоўны рэдактар часопісу "Кур'ер" Ігар Гермянчук. Некалі ён быў галоўным рэдактарам газэты "Свабода"... (Гермянчук: ) "У мяне ўсё было падрыхтавана для таго, каб 15 кастрычніка выпусьціць у сьвет першы нумар часопіса. Я зарэгістраваў выданьне яшчэ ў сакавіку сёлета і ўсе шэсьць месяцаў патраціў на падрыхтоўчыя працы для таго каб праект запусьціць. Літаральна ўжо праз два тыдні часопіс мусіў выйсьці ў сьвет. У мяне былі заключаныя ўсе неабходныя дамовы на распаўсюджаньне з "Саюздрукам" і іншымі, прыватнымі кампаніямі распаўсюджваньня. Вялікую частку працы склаў пошук рэклямы я паставіў за мэту ўжо зь першага нумару сабраць у часопіс рэклямадаўцаў. Я сабраў тры паласы каляровай рэклямы й дзьве паласы чорна-белай рэклямы. Гэта рэклямадаўцы заключылі дамову платная рэкляма былі вырабленыя каляровыя макеты, па пяць, па сем разоў узгадняліся з рэклямадаўцамі, працаваў дызайнэр і мастацкі рэдактар. І цяпер сытуацыя такая, што ў мяне ёсьць абавязкі перад рэклямадаўцамі, зь якімі я заключыў дамовы. Мы выканалі вялікі кавалак працы, патрачаныя пэўныя сродкі, якія я пазычыў дзеля таго, каб стартаваць. Такім чынам, страчаны ня толькі паўгады працы, але страчаны таксама пэўныя фінансавыя сродкі, які зараз вярнуць ужо немагчыма, таму што яны патрачаны былі на розныя бягучыя выдаткі. Я разумею, што ўдар быў скіраваны ня столькі супраць майго выданьня, колькі найперш супраць газэты "Наша Свабода". Я разумею, што канфліктавая сытуацыя, якая ўтварылася вакол газэты "Навіны", нейкім чынам, рыкашэта, так бы мовіць, ударыла й па мне. Праўда, я не думаў, што будзе вось такі радыкальны ўдар, што пазбавяць ліцэнзіі, пазбавяць пасьведчаньня аб рэгістрацыі. Аказваецца, што можа быць і такое... Фактычна, калі хто й парушыў закон, так яго парушыў Дзяржаўны камітэт па друку. У прыватнасьці, я сёньня паехаў да Падгайнага гэта старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку і кажу яму: "пры чым тут мы? Вы сказалі, што патрэбныя такія вось канкрэтныя дакумэнты, мы іх прадставілі, вы зарэгістравалі... мы выканалі вашыя ўмовы". Яны кажуць, што "мы памылілся", патрэбна яшчэ й згода мяйсцовых ворганаў улады на разьмяшчэньне СМІ. Я кажу: "калі б Вы мне сказалі пад час рэгістрацыі, што вам патрэбная яшчэ й згода Папы, да прыкладу, то я б дамагаўся гэтай згоды і ў Папы, але ж я выконваў Вашыя ўмовы1" Ну тым ня менш, кажуць: "прабач, вось спрабуй атрымаць згоду мяйсцовага воргану ўлады..." Але цяпер у гэтай сытуацыі атрымаць гэтую згоду як бы беспэрспэктыўна... Атрымліваецца, што трэба ўсё пачынаць ад самога пачатку!"