Навіны 28 верасьня 1999 г.

Віталь Цыганкоў, Прага

Зь якой Расеяй зьбіраецца аб'ядноўвацца Беларусь?.. Расея працягвае нанасіць інтэнсіўныя ракетна-бомбавыя ўдары па тэрыторыі Рэспублікі Ічкерыі. Тым часам маскоўскія штабісты абмяркоўваюць пэрспэктывы наземнае апэрацыі, а 69 адсоткаў усіх апытаных жыхароў Расеі згодныя з тым, што ўсіх чачэнцаў трэба выслаць з Расеі…

Узмацненьне бамбаваньняў Чачні адбываецца на фоне рэзкага ўзмацненьня прапагандысцкай апрацоўкі насельніцтва. Улада ўдала выкарыстоўвае настроі абложанай крэпасьці, якія пануюць зараз сярод расейцаў.

Прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін сёньня ў інтэрвію газэце "Труд" заявіў: "У краіне ідзе сапраўдная тэрарыстычная вайна… Тэрарызм аб'явіў вайну Расеі, нашым людзям – спланаваную, прафэсійную, падрыхтаваную". І далей – "супраць нашага народу праводзіцца агрэсія з мэтай захопу тэрыторыяў і ўсталяваньня там сярэднявечных крывавых парадкаў".

Зразумела, што ў такой сытуацыі, калі вышэйшыя асобы дзяржавы няспынна й драматычна гавораць пра вайну, насельніцтва маральна гатовае прыняць абмежаваньні, якія нясе перадваенная сытуацыя. Паводле апошніх сацыялягічных дадзеных, праведзеных Усерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзскае думкі (ВЦИОМ), 45 адсоткаў апытаных зусім згодны або хутчэй згодны зь неабходнасьцю ўвядзеньня ў Маскве надзвычайнага становішча.

Але яшчэ больш ашаламляльныя лічбы зьвязаныя са стаўленьнем жыхароў Расеі да чачэнскай праблемы й чачэнцаў. Тры чвэрці рэспандэнтаў заяўляюць, што трэба арыштоўваць рахункі чачэнскіх фірмаў, арганізоўваць вобшукі іхніх офісаў ды складаў. А 69 адсоткаў апытаных згодны ці хутчэй згодны з тым, што ўсіх чачэнцаў трэба выслаць з Расеі.

Заўважым, што пад час чачэнскае вайны у 1995 годзе такіх радыкалаў было на траціну менш. Што, зрэшты, казаць, калі сам прэм'ер-міністар Пуцін заклікае "задушыць гадзіну".

Пытаньне правоў чалавека, прэзумпцыі невінаватасьці ў падобнай, блізкай да істэрыі сытуацыі адыходзіць на другі плян. Пра гэта мы размаўляем з юрыстам беларускае праваабарончае арганізацыі "Вясна-96" Валянцінам Стэфановічам.

(Карэспандэнт: ) "Валянцін, зараз маскоўскія ўлады спраўджваюць дакумэнты ў асобаў "каўкаскае нацыянальнасьці", як кажуць у Расеі, робяць вобшукі ў фірмах, уласьнікамі якіх зьяўляюцца чачэнцы, нават высылаюць людзей, якія ня маюць сталай рэгістрацыі ў Маскве… Па вашаму – як гэтыя захады стасуюцца з правамі чалавека?"

(Стэфановіч: ) "Тут анічога дзіўнага няма – як той казаў, "вораг указаны": "вораг" – чачэнцы, яны "тэрарысты", "бандыты"… Гэта ўсё гучыць з расейскіх СМІ, з тэлевізіі… І таму адпаведна прымаюцца такія захады. Зразумела, што яны зьяўляюцца незаконнымі й парушаюць правы чалавека, бо адзінай падставаю для спраўджаньня дакумэнтаў, для высяленьня, для арыштаў на кірмашох, якія паводзяць у Маскве, і зьбіцьця людзей, зьяўляецца толькі адно – іх нацыянальнае паходжаньне. І менавіта паводле гэтых прыкметаў ідзе паляваньне на людзей. Нас інфармуюць па электроннай пошце праваабарончыя арганізацыі з Расеі аб тым, што і ў расейскіх "пэрыфэрыйных" гарадох таксама йдзе такое вось паляваньне, татальныя праверкі, высылкі. Увогуле, усё гэта нагадвае "каўкаскі" пагром, па-просту".

(Карэспандэнт: ) "Пэўны час Расея для некаторых беларускіх палітычных сілаў – лібэральных, дэмакратычных палітычных сілаў – была як бы такім узорам у справе выкананьня правоў чалавека. Яе прыводзілі ў якасьці прыкладу дзеля параўнаньня зь лепшага боку зь Беларусьсю…"

(Стэфановіч: ) "Я думаю, што яна а ні ў якім разе ня можа быць прыкладам да перайманьня ў галіне аховы правоў чалавека. Бо ў Расеі правы чалавека парушаліся, а зараз гэта дасягнула яшчэ больш крытычнай вагі ў зьвязку з гэтымі апошнімі падзеямі. Ну і натуральна, там дзе йдзе вайна – якія могуць быць правы чалавека?"

(Карэспандэнт: ) "Паводле самых апошніх сацыялягічных апытаньняў 69 адсоткаў насельніцтва Расеі згодныя з тым, што ўсіх чачэнцаў варта выслаць з Расеі. Скажыце, ці гэтыя дадзеныя былі для Вас нечаканасьцю, і што можна чакаць з пункту гледжаньня такіх настрояў расейскага насельніцтва, якога можна чакаць разьвіцьця падзеяў далей?"

(Стэфановіч: ) "Нечаканасьцю гэта для мяне ня стала – што пасьля шэрагу тэрарыстычных актаў у гарадох Расеі зразумела, грамадзкая думка звычайнага абываталя будзе скіраваная на агрэсію ў адносінах ня толькі да чачэнцаў, а да каўказцаў увогуле – нават і розных нацыянальнасьцяў – і да азэрбайджанцаў, і да кабардзінцаў, да чаркесаў і ўсіх астатніх. Усіх іх называюць адным словам – "каўказцы" – гэта "галоўны вораг". Таму, натуральна, зараз абываталь у расейскім горадзе лічыць, што сапраўды трэба ўсіх павсяляць – нават тых, хто зьяўляецца расейскімі грамадзянамі.

А Чачня, дарэчы, непрызнаная як незалежная дзяржава й лічыцца часткаю расейскай тэрыторыі – і асобы чачэнчкай нацыянальнасьці, якія пражываюць у іншых гарадох Расеі, зьяўляюцца такімі ж грамадзянамі, як і ўсе астатнія.

І я гэта расцэньваю, як дыскрымінацыю, бо гэта ёсьць розьніца ў правох – то бок у расейцаў адныя правы, а ў тых, хто належыць да каўкаскіх нацыянальнасьцяў – як бы іншыя… Гэта дыскрымінацыя паводле нацыянальнага паходжаньня, паводле рэлігійнага паходжаньня. Часта можна пачуць: "вось гэтыя вахабіты", "а вось гэтыя такія…" Асоба мае права вызнаваць тую рэлігію, якую хоча".

А якое разьвіцьцё можа быць у падзеяў? Зараз шмат хто агучвае гэта ў расейскіх СМІ. Адныя кажуць, што трэба ізаляваць Чачню – але пры гэтым не даваць ёй незалежнасьці – і праводзіць бамбаваньні да таго часу, пакуль яны, як бы, не "папросяцца назад, у Расею".

(Карэспандэнт: ) "Бальшыня расейскіх электронных мас-мэдыя, тэлевізыйныя каналы прыймаюцца ў Беларусі. Уся гэта прапаганда йдзе і на грамадзянаў Беларусі. Зь іншага боку, і беларуская ўлада заяўляе пра нейкую тэрарыстычную пагрозу йпачынае рабіць нейкія захады. Наколькі гэтыя "антыкаўкаскія" настроі могуць прыжыцца й сярод беларускага насельніцтва?"

(Стэфановіч: ) "Я думаю, што яны прыжыцца могуць. І яны, у прынцыпе, існавалі й раней. Таму, што бальшыня беларусаў, нажаль, у зьвязку з тым, што Беларусь цалкам знаходзіцца ў інфармацыйным полі Расеі, не атаясамляе сабе як нешта асобнае, як народ і нацыю, што мае нейкі свой інтарэс, і што, урэшце, гэтая вайна чужая для нас, яна ня нашая вайна. І сапраўды "антыкаўкаскія" настроі былі й зараз у зьвязку з прапагандаю па расейскім тэлевізійным каналам узмоцніліся. Бо там гэтых людзей называюць бандытамі і абвінавачваюць ва ўсіх грахах і бедах расейскіхю

Але адзінае, што яшчэ можна адзначыць – што ўсё ж такі частка насельніцтва зразумела, што нейкія шчыльныя аб'ядноўчыя, "інтэграцыйныя" стасункі з Расеяй могуць прывесьці якраз да такіх рэчаў, што Беларусь будзе таксама расцэненая нейкімі тэрарыстамі, як тэрыторыя Расеі – і могуць быць выбухі.

Тое, што беларускія ўлады гэта выкарысталі – тут анічога дзіўнага няма. Толькі адзінае, што яны маюць на ўвазе як раз не тэрарыстаў, не каўказцаў, і не чачэнцаў, яны маюць на ўвазе нашую беларускую апазыцыю".

Наконт далейшае стратэгіі Расеі да Чачні йснуе дзьве асноўныя вэрсіі. Адна з груповак расейскага гэнэралітэту выпрацоўвае плян маштабнае наземнае апэрацыі з мэтаю захопу тэрыторыі ўсёй Чачні і ўсталяваньня там марыянэткавага ўраду. Іншыя, больш памяркоўныя, ваенныя прапануюць толькі зьнішчаць групы баявікоў Басаева і Хатаба, захоўваючы падтрымку цяперашняму прэзыдэнту Аслану Масхадаву. Ужо вядуцца перамовы зь некаторымі прадстаўнікамі чачэнскай дыяспары ў Маскве, якія маглі б стварыць гэтак званы "урад у выгнаньні".

Другі варыянт – бамбаваньні чачэнскае тэрыторыі накшталт NATOўскай апэрацыі ў Косаве. Ракетна-бомбавымі ўдарамі дабіваецца тое, што яшчэ засталося ад чачэнскай інфраструктуры пасьля вайны 95-96-га году.

Расейцы маюць звесткі, што частка нафтабізнэсу кантралюецца Шамілям Басаевым, які на нафтадаляры ўтрымлівае наёмнікаў і закупляе зброю. Так гэта ці не, але бамабаваньні канчаткова разбураюць тыя гаспадарчыя аб'екты, якія яшчэ функцыянавалі. Пакуль нейкі канкрэтны сцэнар не абраны, але відавочна, што гэта будзе сцэнар ваенна-сілавы, а не палітычны.

Характэрна, што актывізацыя чачэнскай кампаніі супала з паведамленьнем, што Расея выйшла на першая мейсца ў сьвеце паводле памераў вонкавай запазычанасьці, абагнаўшы Бразілію. На 1 ліпеня запазычанасьць Расеі склала 153 мільярды даляраў, а ўвесь сьвет абмяркоўвае скандал вакол адмываньня расейскіх грошай праз банк Нью-Ёрку.

Аднак Масква не жадае зьвяртаць увагу на эканамічныя падлікі. Дастаткова сказаць, што толькі на пабудову "гэтак званага" санітарнага кардону вакол Чачні спатрэбіцца каля 25 мільярдаў расейскіх рублёў (каля мільярду даляраў).

Расея, зноў захопленая мілітарным угарам, ня хоча асабліва прыслухоўвацца да голасау розуму – жаданьне помсты й рэваншу захінае ўсе рацыянальныя меркаваньні.