Па ранейшаму невядомы лёс Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, якія зьніклі ўначы 16 верасьня. Апошнімі днямі афіцыйныя сродкі масавае інфармацыі распаўсюджваюць зьвесткі пра тое, быццам Ганчар знаходзіцца ў Вільні. Крыніцаю ў такіх паведамленьнях служыць 73-гадовы жыхар Менску Васільчанка. Жонка Віктара Ганчара запатрабавала ад сьледзтва разабрацца са зьвесткамі, якія распаўсюджвае Васільчанка... "Беларуская ніва" паведаміла, што Ганчара бачыў у Вільні Анатоль Васільчанка, які разам з сынам нібыта езьдзіў у сталіцу Летувы па прыватных справах. Васільчанка, які працуе ў газэце "Частный детектив", сьцьвярджае, што сустрэў Віктара Ганчара разам зь Сямёнам Шарэцкім прыкладна а 13:30 дня ў самым цэнтры Вільні на пляцы Гедыміна. Анатоль Васільчанка нібыта падыйшоў да Ганчара й задаў яму пытаньне маўляў, "Як жа так, Віктар Восіпавіч? На Вас у Менску аб'яўлены вышук, а Вы ў Летуве? Як Вы сюды трапілі?" Паводле публікацыі ў "Беларускай ніве", вядомы апазыцыянэр сказаў, што трапіў у Летуву легальным чынам прыехаў у Вільню на цягніку. Пасьля чаго ён і Шарэцкі нібыта заўсьміхаліся. Паводле словаў Васільчанкі, Віктар Ганчар таксама сказаў, што ягоная жонка Зінаіда ведае аб тым, што ён знаходзіцца ў Вільні. Супрацоўнік "Частного детектива" заявіў, што гатовы падцьвердзіць свае паказаньні пад любой прысягаю. Аднак, шчырасьць словаў 73-гадовага Анатоля Васільчанкі выклікае сумнеў. Тым больш, што ў размове з карэспандэнтам "Радыё Свабода" гэты чалавек раптам заявіў, што ня можа паведаміць нам больш інфармацыі, чым напісана ў газэце, і параіў зьвяртацца па дадатковыя зьвесткі ў КГБ (!). Тым часам супрацоўнікі газэты, дзе Анатоль Васільчанка працуе начальнікам аддзела распаўсюджаньня, сьцьвярджаюць, што яны размаўлялі з сынам Васільчанкі, заслужаным майстрам спорту па гандболе, Алегам Васільчанкам. Алег быццам бы паведаміў, што ў бліжэйшы час ён у Вільню з бацькам ня езьдзіў. У панядзелак беларуская тэлевізія гісторыю "зьяўленьня" Ганчара ў Летуве падало як адную з самых сэнсацыйных падзеяў дня. Але абсалютна нельга выключаць, што гэтая сэнсацыя высмактаная з пальца так, адзін з журналістаў "Частного детектива" сказаў, што Анатоль Васільчанка чалавек пажылы, мог нешта наблытаць. І таму няварта давяраць таму, што ён кажа. Зінаіда Ганчар наогул заявіла, што не зьбіраецца камэнтаваць трызьненьні невядома каго. Жонка Віктара Ганчара ўжо перадала сваю афіцыйную заяву з нагоды апублікаванага ў "Беларускай ніве" матэрыялу сьледчаму Менскай гарадзкой пракуратуры, які вядзе пошук яе мужа. У ёй спадарыня Ганчар просіць разабрацца, хто такі Анатоль Васільчанка, чаму ён паведаміў гэтую інфармацыю, і якім чынам Віктар Ганчар мог трапіць у Вільню. Усе сумневы наконт аб'яўленьня Ганчара ў Летуве мог бы разьвеяць Сямён Шарэцкі... Аднак, мне не ўдалося зь ім зьвязацца на працягу ўсяго дня віленскі тэлефон Сямёна Шарэцкага маўчаў. Я зьвязаўся з супрацоўнікмі аддзела палітыкі ўплывовай віленскай газэты "Lietuvos Rytas" і спытаў, ці магчымая сытуацыя, каб Ганчар незаўважна зьявіўся ў Летуве? Летувіскія калегі кажуць, што абсалютна немагчыма, каб Ганчар больш за тыдзень знаходзіўся ў іхнай краіне і пра гэта не паведаміў аніводны летувіскі сродак масавае інфармацыі. Фігуры Ганчара й Шарэцкага ў Летуве вядомыя і мас-мэдыя надаюць гэтым людзям вялікую ўвагу. Таму, калі б Віктар Ганчар сапраўды зьявіўся ў Вільні інфармацыя аб гэтым ужо б даўно прасачылася,-- сказалі супрацоўнікі "Lietuvos Rytas". А пакуль афіцыйная беларуская прэса займаецца спэкуляцыяй вакол зьяўленьня Ганчара ў сталіцы суседняй дзяржавы, маці палітыка Валянціна Ганчар выступіла са зваротам з нагоды зьнікненьня свайго сына. У ім, між іншым, яна піша: "Я зьвяртаўся да Вас, спадар Лукашэнка. Узгадайце маю дабрыню, прастату й гасьціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына! (...) Я ўдзячная ўсім за спачуваньне й разуменьне. Я так спадзяюся, што з вашаю дапамогаю, людзі, у маім доме адчыняцца дзьверы, і я зноў пачую родны голас..." Альгерд Невяроўскі, Менск
Мы зьвязаліся зь Вільняю і зьвярнуліся ў міністэрства нутраных справаў Летувы. Як паведаміла прэс-аташэ гэтае ўстановы, Ёланта Лунявічэне, летувіскія газэты зрабілі перадрук паведамленьня "Беларускай нівы", але... (Лунявічэне: ) "У Летуве ёсьць такі праваабаронца Стасіс Каўшыніс, які абверг гэтую інфармацыю, і сказаў, што гэтага быць ня можа. Летувіскае міністэрства нутраных справаў ня мае аніякіх зьвестак пра мейсца знаходжаньня Ганчара ў дадзены момант". На пытаньне, ці зьвярталіся беларускія праваахоўныя ворганы да сваіх летувіскіх калегаў, Ёланта Лунявічэне сказала кароткае "Не".
Мы зьвязаліся зь Вільняю і зьвярнуліся ў міністэрства нутраных справаў Летувы. Як паведаміла прэс-аташэ гэтае ўстановы, Ёланта Лунявічэне, летувіскія газэты зрабілі перадрук паведамленьня "Беларускай нівы", але... (Лунявічэне: ) "У Летуве ёсьць такі праваабаронца Стасіс Каўшыніс, які абверг гэтую інфармацыю, і сказаў, што гэтага быць ня можа. Летувіскае міністэрства нутраных справаў ня мае аніякіх зьвестак пра мейсца знаходжаньня Ганчара ў дадзены момант". На пытаньне, ці зьвярталіся беларускія праваахоўныя ворганы да сваіх летувіскіх калегаў, Ёланта Лунявічэне сказала кароткае "Не".