Навіны 27 верасьня 1999 г.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Гэнэрал Аўгуста Піначэт, які сам сябе называе "адзіным палітычным вязьнем у Вялікай Брытаніі", у гэтым тыдні даведаецца, ці ён будзе перададзены Гішпаніі, дзе яго абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасьці…

Слуханьні пачаліся сёньня ў Лёнданскім магістратным судзе на Боў-стрыт і будуць доўжыцца цягам усяго тыдню. Гэта – першыя паседжаньні суду ад сёлетняга траўня, калі пасьля шматлікіх апэляцыяў абароны Вышэйшы Суд Вялікай Брытаніі ўсё ж вырашыў, што Піначэт мусіць быць высланы ў Гішпанію.

Справа былога дыктатара актывізавала міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама абудзіла старых антаганістаў у Чылі ды іншых краінах, якія пазбавіліся дыктатарскіх рэжымаў. Цяпер, пакрыўджаная частка тамтэйшага грамадзтва патрабуе задаволіць права родных ды іншых прадстаўнікоў ахвяраў на справядлівасьць.

83-гадовы Піначэт, які нядаўна перанёс новы апаплексічны ўдар не абавязаны прысутнічаць на слуханьнях, але ён мусіць зьявіцца ў Суд ув апошні дзень слуханьняў, калі ў ягонай справе будзе прымацца канчатковая пастанова.

І ўсё ж, незалежна ад вынікаў суду, справа Піначэта стварыла важны прэцэдэнт для ўсясьветнага праваабарончага руху. Яна засьведчыла, што былыя кіраўнікі дзяржаваў ня маюць імунітэту ад адказнасьці за сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека.

Справа былога чылійскага дыктатара прынесла шмат палітычных праблемаў для Вялікай Брытаніі, хаця афіцыйны Лёндан і заявіў, што арышт і далейшае затрыманьне Піначэта ад самага пачатку былі судовай і юрыдычнай, але ніяк не палітычнай справай. Тым ня менш, на правядзеньне адпаведнага сьледзтва Вялікая Брытанія ўжо выдаткавала больш як чатыры мільёны фунтаў стэрлінгаў.

Былы чылійскі дыктатар быў арыштаваны ў лякарні пасьля апэрацыі 16 кастрычніка 1998 году ў Лёндане на запатрабаваньне гішпанскага пракурора Бальтазара Гарсона, які абвінавачвае Піначэта ў катаваньнях і забойствах гішпанскіх грамадзянаў у Чылі ў пэрыядзе 1973-1990 гадоў.

У сакавіку Суд палаты Лёрдаў падтрымаў арышт былога дыктатара, але абмежаваў колькасьць пунктаў абвінавачаньня тымі, якія тычыліся пэрыду ягонага кіраўніцтва пасьля 8 сьнежня 1988 году – гэта значыць, часам ухвалы канвэнцыі супраць катаваньняў Гішпаніяй, Чылі і Вялікай Брытаніяй.

Да апошняга часу ў справе фігуравалі 36 пунктаў абвінавачаньня, зь якіх толькі шэсьць тычыліся азначанага Палатаў Лёрдаў тэрміну адказнасьці. Але ў апошні час Гарсон дадаў у абвінаваўчы акт новыя пункты, якіх цяпер налічваецца 108. Усе новыя дадаткі тычацца часоў кіраваньня Піначэта пасьля 1988.