Навіны 16 верасьня 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Сёньня менскія ўлады скасавалі дазвол, дадзены Вользе Захаранцы на правядзеньне пікету ў цэнтры Менску. Жонка зьніклага экс-міністра будзе праводзіць пікет без дазволу... Сёньня ж жонцы Генадзя Карпенкі, Людзьміле, было паведамлена, што адміністрацыя гатэлю "Беларусь" не дазваляе арэндаваць канфэрэнц-залю для вечарыны памяці Генадзя Карпенкі, якому заўтра споўнілася б 50 гадоў. Сёньня з жонкамі Захаранкі й Карпенкі сустрэўся амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкхард.

Чатыры месяцы з моманту зьнікненьня экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі прымусілі ягоную жонку, спадарыню Вольгу, наладзіць публічную акцыю — пікет — каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да факту, як яна кажа, выкраданьня чалавека.

Юры Захаранка зьнік 7 траўня і чатырох месяцаў аказалася недастаткова, каб у афіцыйнага сьледзтва зьявіліся хоць нейкія сьведчаньні раптоўнага зьнікненьня чалавека.

Гарадзкія ўлады спачатку дазволілі правесьці пікет 21 верасьня. Аднак учора без тлумачэньня прычынаў раптоўна паведамілі, што ён раптоўна пераносіцца на сёньня. Сёньня ж Вольга Захаранка даведалася, што правядзеньне пікету забароненае:

(Захаранка: ) "Быў дазвол выканкаму ад 17-й да 19-й гадзіны на пікет сёньня. Раптам, нечакана я даведалася, — гаворыць Вольга Захаранка, — што пікет адменены. Улада перашкаджае пікету пра зьнікненьне Захаранкі. Мне цікава — чаму? На пікет былі запрошаныя і журналісты, прадстаўнікі АБСЭ, зь якімі я нядаўна сустракалася. Яны мусяць а 17-й гадзіне прыехаць на рог вуліцаў Няміга й Гарадзкі Вал. Нягледзячы на забарону, я зьбіраюся правесьці гэты пікет пад лёзунгамі: "Лукашэнка! Аддай сына маці, мужа — жонцы, дзецям — бацьку!" Улада цудоўна ведае, дзе знаходзіцца Захаранка, дзе яго трымаюць, і таму яны перашкаджаюць! Яны страшэнна баяцца рэзанансу ў Беларусі".

На забароненым пікеце сёньня мусіць зьявіцца й жонка Генадзя Карпенкі, спадарыня Людзьміла. Заўтра Генадзю Карпенку споўнілася б 50 гадоў, і з адміністрацыяй гатэлю "Беларусь" была дамоўленасьць, што ў канфэрэнц-залі пройдзе вечарына памяці. Аднак сёньня Людзьміле Філіпаўне паведамілі, што ў канфэрэнц-залі заўтра пройдзе нейкі сэмінар — акурат у час, на які прызначана вечарына памяці Генадзя Карпенкі. Удзельнікам вечарыны памяці прапанавана кавярня гатэлю "Беларусь", дзе заўтра а 15-й гадзіне ўсё, як спадзяецца Людзьміла Карпенка, і адбудзецца.

Сёньня ж у жонак Карпенкі й Захаранкі адбылася сустрэча з амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэніэлам Спэкхардам. Характарызуючы рэакцыю спадара Спэкхарда, Вольга Захаранка паведаміла, што пасьля атрыманай інфармацыі "ён быў проста ў жаху".