Навіны 10 верасьня 1999 г.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ва Ўсходнім Тыморы працягваецца хваля забойстваў і пагромаў, што чыняць праінданэзійскія жыхары правінцыі над той часткаю насельніцтва, якая ў часе рэфэрэндуму прагаласавала за незалежнасьць. Учора ўрад Інданэзіі чарговы раз адрынуў прапанову накіраваць ва Ўсходні Тымор міратворчыя сілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Тым часам, у зьвязку з усходнетыморскім крызысам у сталіцы Інданэзіі Джакарце распаўсюдзіліся чуткі пра дзяржаўны пераварот. Улады абвяргаюць чуткі й цьвердзяць, што прэзыдэнт краіны Хабібі кантралюе ўрад і агульную сытуацыю ў краіне…

Асабліва актыўна патрабуюць умяшаньня ва ўсходнетыморскі канфлікт суседзі Інданэзіі – Аўстралія і Новая Зэляндыя, а таксама Партугалія, якая некалі мела гэтыя землі ў якасьці калёніі, а апошнім часам, разам з Інданэзіяй і ААН выпрацоўвала прынцыпы правядзеньня рэфэрэндуму.

Досыць актыўна стараюцца падштурхнуць Інданэзію да разьвязаньня канфлікту ва Ўсходнім Тыморы й Злучаныя Штаты, у зьвязку з чым прэзыдэнт Біл Клінтан сказаў:

"Сёньня я загадаў неадкладна спыніць усе праграмы вайсковага супрацоўніцтва з Інданэзіяй. Нашае вайсковае кіраўніцтва вельмі выразна сказала вышэйшаму вайсковаму кіраўніцтву Інданэзіі, што яно мусіць зрабіць, каб аднавіць наш давер. У апошнія пару дзён я меў шмат тэлефанічных кантактаў з нашымі партнэрамі ў рэгіёне й сьвеце, а таксама з Гэнэральным сакратаром ААН Кофі Ананам. Я вітаю намаганьні Аўстраліі мабілізаваць іхнае шматнацыянальнае войска, каб дапамагчы ўсталяваць бясьпеку ва Ўсходнім Тыморы. І я ўдзячны ўсім тым краінам, якія ўжо згадзіліся браць удзел у гэтай справе. ЗША гатовыя падтрымаць Аўстралію, але мы яшчэ ня вырашылі канчаткова, які найлепшы спосаб гэтай падтрымкі і цяпер абмяркоўваем гэта пытаньне ў Кагрэсе".

Тым часам лідэр усходнетыморскага супраціву, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі міру Жазэ Рамуш Орта заклікаў тэрмінова ўвесьці міратворчыя сілы ААН ва Ўсходні Тымор са згоды або бяз згоды Інданэзіі, бо гэта, як ён сказаў, адзіны спосаб спыніць этнічную чыстку ў гэтай былоў партугальскай калёніі, якую Інданэзія анэксавала ў 1976 годзе.

Учора вышэйшыя дыпляматы 20 краінаў, якія сабраліся ў новазэлянцкім месьце Окленд, правялі адмысловую нараду, у часе якой прынялі пастанову, што міжнародныя сілы могуць быць уведзеныя ва Ўсходні Тымор паводле пастановы Рады Бясьпекі ААН толькі ў выпадку згоды Інданэзіі. Жазэ Рамуш Орта лічыць, што гэткае згоды ня будзе, таму што Інданэзія, як ён сказаў, ёсьць агрэсарам ва Ўсходнім Тыморы.

Пытаньне незалежнасьці правінцыі закрануў у сваім выступе й прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, які сказаў:

"Калі Інданэзія ня можа разьвязаць канфлікт самастойна, яна мусіць, яна абавязаная папрасіць міжнароднае супольніцтва дапамагчы аднавіць бясьпеку. У той самы час яна мусіць дазволіць замежным арганізацыям даць дапамогу тым, хто застаецца на ўсходнетыморскай тэрыторыі. Інданэзія таксама мусіць рухацца ў бок наданьня незалежнасьці Ўсходняму Тымору, паколькі галасаваньне было дазволеным, а ягоны вынікі не выклікаюць пытаньняў. Тут ейны курс мусіць заставацца нязьменным. Усе краіны ад Азіі да Афрыкі, ад Эўропы да Паўночнай Амэрыкі згаджаюцца з такой пазыцыяй. Цяпер міжнародныя фінансавыя інстытуты ня будуць даваць Інданэзіі пазыкаў. А падтрымка гэтае краіны ў будучым, залежыць ад таго, як яна залагодзіць цяперашнюю сытуацыю".

Тым часам з самога Ўсходняга Тымору прыходзяць паведамленьні, што праджакарцкія фармаваньні пачынаюць зьнішчаць каталіцкіх сьвятароў, місыянэраў і манашак. Так учора, у месьце Баўкаў былі забітыя чатыры манашкі й кіраўнік каталіцкае дабрачыннае місіі. Нагадаю, што Ўсходні Тымор ёсьць каталіцкім анклявам у атачэньні пераважна мусульманскае Інданэзіі. Сёньня, агульная колькасьць загіблых вымяраецца сотнямі. Больш як 200 тысячаў жыхароў сталі ўцекачамі, але Джакарта працягвае цьвердзіць, што яна сама можа разьвязаць сытуацыю і таму адмаўляецца ад міжнароднае дапамогі.