Навіны 19 жніўня 1999 г.

Алена Радкевіч, Прага

У Югаславіі нарастаюць антымілошавіцкія пратэсты. На сёньня прызначаная масавая антыпрэзыдэнцкая маніфэстацыя, якая павінна стаць кульмінацыйнай у летніх выступах за адхіленьне Мілошавіча ад улады.

Аднак, акцыі пратэсту аслабляюцца разасобненасьцяй апазыцыі, якую, паводле назіральнікаў, гістарычна разьдзіралі супярэчнасьці, рэўнасьць, канфлікты амбіцыяў і адрозьненьні ў поглядах на тактыку дзеяньняў. Грамадзкая ж думка застаецца традыцыйна апатычнай, хаця й назіраецца рост незадаволенасьці прэзыдэнтам.

Камэнтатар сёньняшняй «Зюддойчэ Цайтунг» зазначае, што дыктатар у дачыненьнях з апазыцыяй зазвычай мусіць ужываць палітыку пугі й перніка. «У Сэрбіі, — піша ён, — Мілошавіч ужываў ужо пугу, ганячы апазыцыю, называючы яе «здрадніцкай», «васаламі NATO». Адзін з гэнэралаў пагражаў нават выпусьціць супраць апазыцыянэраў танкі. Але акурат напярэдадні сёньняшняй маніфэстацыі Мілошавіч зьвярнуўся да перніка, паабяцаўшы правесьці выбары. Няўжо Мілошавіч мог так хутка й кардынальна памяняць свае погляды?», – пытаецца газэта. – «Вядома ж, не. Абяцаньне выбараў – толькі тактыка: чым раней яны будуць праведзеныя – тым меней шанцаў на посьпех у апазыцыі, пры тым, што Мілошавіч цалкам кантралюе прэсу, эканоміку, адміністрацыю. А калі бліжэй да зімы, то папулярнасьць Мілошавіча пачне падаць – пры адсутнасьці цяпла ў дамох, цёплай вопраткі й дэфіцыце прадуктаў. Таму, з пункту погляду прэзыдэнцкае адміністрацыі, як мага хутчэйшыя выбары – лепшы шлях для яе», — зазначае нямецкая газэта «Зюддойчэ Цайтунг».