Навіны 18 жніўня 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вязень аршанскае калёніі Васіль Старавойтаў пакутуе ад дрэннага харчаваньня і абмежаваньня ў шпацырах. Між тым, былы старшыня "Расьсвету" не зьбіраецца скардзіцца турэмнай адміністрацыі. Ён заяўляе, што ў яго хопіць сілаў пратрымацца да лістападу, калі сканчаецца тэрмін ягонага зьняволеньня.

Ужо амаль месяц Васіль Старавойтаў знаходзіцца ў варшанскай калёніі, куды ён быў прывезены з бабруйскага ізалятару дзеля адбыцьця пакараньня. Нагадаем, рашэньнем Кіраўскага раённага суду Старавойтаў быў пакараны да двухгадовага тэрміну зьняволеньня з улікам часу, праведзенага ў сьледчых ізалятарах, КГБ і міліцыі. А зарыштаваны старшыня быў яшчэ ў лістападзе 1997 году. Такім чынам Старавойтаў выйдзе на волю ў лістападзе.

Чаму ён патрапіў менавіта ў Воршу? Гэткае рашэньне прыняў камітэт па выкананьню пакараньняў пры міністэрстве нутраных справаў. Аднак варта нагадаць, што згодна з папярэдняй інфармацыяй, Старавойтава спачатку зьбіраліся разьмеркаваць у менскую калёнію. Чаму адбылася замена, высьветліць у камітэце выкананьня пакараньняў не ўдаецца.

Сам жа Старавойтаў не выключае, што яго наўмысна адвязьлі далей ад Менску. Навошта? Каб да яго складаней было дабрацца міжнародным назіральнікам ці журналістам. Гэтакім меркаваньнем вязьня падзялілася ягоная жонка Валянціна, якая днямі мела першае ў варшанскай калёніі спатканьне з мужам.

Валянціна Старавойтава распавяла, што муж вельмі пакутуе ад недахопу нармальнае ежы. Вязьняў у варшанскай калёніі кормяць дрэнна: выключна перловай кашаю без масла, тым больш без мяса. Адміністрацыя, відаць разьлічвае, што арыштанты будуць падсілкоўвацца харчамі, якія перадаюць родныя. Між тым, зусім ня ўсе вязьні атрымоўваюць такую дапамогу. І ня толькі таму, што ня маюць родных ці родныя на іх забыліся — у Васіля Старавойтава, прыкладам, усе харчы, што заставаліся ад былой перадачы, адабралі канваіры, якія перавозілі яго з бабруйскага ізалятару ў варшанскую калёнію.

За месяц сядзеньня ў калёніі Старавойтаў пазычыў у сукамэрнікаў некалькі кавалкаў масла, якія трэба тэрмінова вярнуць. Між тым, набыць масла ў "расьсветаўскіх" крамах ці крамах Кіраўску жонка Старавойтава ня ў стане. У Кіраўскім раёне ўжо амаль год як уведзеныя карткі на масла й сыр — даюць толькі па 200 грамаў масла на чалавека ў месяц, а Васіля Старавойтава нават няма ў сьпісах.

Праблему з маслам Валянціна Старавойтава плянуе вырашыць з дапамогаю знаёмых у Магілеве, аднак, гэта не адзінае, што яе турбуе зараз. "Пад час пераезду ў Воршу ў Старавойтава забралі ўсю цёплую вопратку, у тым ліку й безрукаўку на заяччым футры, якая ратавала яго ад холаду ў сьледчых ізалятарах. Знайшліся добрыя людзі — падзяліліся з Канстантынавічам цёплай бялізнаю, але, калі наступяць халады, гэта яго не ўратуе", — распавяла Валянціна Старавойтава.

Паводле ейных словаў, муж напісаў у адміністрацыю заяву з прсьбаю выдаць яму цёплую вопратку. Што ж тычыцца недахопу нармальнай ежы, ён вырашыў гэтую тэму не закранаць увогуле. "Буду цярпець, як усе церпяць. Чым я лепшы? Ты не турбуйся, у мяне сілаў пратрымацца хопіць",-- гэтыя словы Старавойтава цытуе ягоная жонка.

Яна таксама кажа, што пакуль Васіль Старавойтаў абмежаваны ў шпацырах на сьвежым паветры. Каб падтрымаць добрую фізычную форму, ён бы хацеў больш шпацырацаь у турэмным двары, але замест гэтага даводзіцца хадзіць па душных калідорах.

І ўсё роўна Старавойтаў не здаецца. Ён нават не зьбіраецца прасіць аб датэрміновым вызваленьні, на якое ўжо можа разьлічваць. "Засталося няшмат. Хутка пабачымся на волі",-- узгадвае словы Васіля Канстантынавіча Валянціна Старавойтава.