Навіны 12 жніўня 1999 г.

Віталь Цыганкоў, Прага

Дагэтуль падзеленыя апазыцыйныя партыі Югаславіі пачалі нарэшце выяўляць жаданьне аб'яднацца дзеля адхіленьня ад улады Слабадана Мілошавіча. Цяпер да апазыцыі падключыла свой аўтарытэт і сэрбская праваслаўная царква, падтрымаўшы патрабаваньне аб стварэньні пераходнага ўраду й правядзеньні датэрміновых выбараў.

Прэзідэнт Мілошавіч наведаў учора стратэгічны сход сваёй Сацыялістычнай партыі, спрабуючы вынайсьці нейкі адказ нарастаньню апазыцыйнага руху. Пакуль Сацыялістычная партыя толькі паўтарае свае стандартныя абвінавачваньні, назваўшы апазыцыйных лідэраў лакеямі NATO, якія мкнуцца дасягнуць таго, што ня здолелі зрабіць бамбаваньні. Дзяржаўная газэта "Палітыка" піша, што апазыцыя "практычна пераканала царкву парушыць Канстытуцыю, паводле якой царкве забаронена ўмешвацца ў палітыку».

Нагадем, што ў сераду Сьвяшчэнны сынод сэрбскае праваслаўнае царквы заклікаў Мілошавіча пайсьці ў адстаўку, заявіўшы, што ён давёў дзяржаву да "відавочнай катастрофы". Толькі адстаўка можа прадухіліць краіну і ўвесь народ ад пераўтварэньня ў закладнікі, гаворыцца ў заяве. Сынод, аднак, пастанавіў, што Патрыярх Сэрбіі Паўле пэрсанальна ня будзе браць ўдзел у антымілошавіцкай дэманстрацыі, якая заплянаваная ў Белаградзе на 19 жніўня. На гэтым мітынгу ўпершыню за апошнія два гады разам выступяць кіраўнік сэрбскага руху абнаўленьня Вук Драшкавіч і лідэр дэмакратычнае партыі Зоран Джынджыч. Іхная асабістая варожасьць, на думку многіх, стала прычынаю правалу дэмакратычнага руху ў 1997 годзе.

Аўтары пакту стабільнасьці для Сэрбіі, распрацаванага на сустрэчы апазыцыйных лідэраў з царкоўнымі герархамі, настойваюць на тым, што Мілошавіч мусіць сыйсьці, пасьля чаго ўладу ў свае рукі возьме пераходны ўрад. Але Вук Драшкавіч запытваецца, як можа адбыцца адыход Мілошавіча. Ён лічыць, што стварэньне пераходнага ўраду павінна ўключаць нейкую зьдзелку па падзелу ўлады зь Мілошавічам. "Я сказаў патрыярху, што я супраць ураду, які будзе сфармаваны на вуліцы. Такі ўрад толькі паглыбіць агонію і раскол сярод сэрбскага народу", – лічыць Драшкавіч.

Два асноўныя лідэры сэрбскае апазыцыі зноў дэманструюць розныя падыходы да асноўных праблемаў. Зоран Джынджыч папярэджвае, што аніякі кампраміс зь цяперашнім прэзыдэнтам немагчымы. У інтэрвію аўстрыйскай газэце "Дэ прэс" ён заявіў, што апазыцыя запатрабуе пераходны пэрыяд, пад час якога Мілошавіч мусіць пагадзіцца на ўвядзеньні часовага ўраду і сыйсьці з пасады. Калі гэтага не адбудзецца, апазыцыя будзе працягваць барацьбу дэманстрацыямі, блякаваньнем дарогаў і агульнымі страйкамі. Незадавальнньне народу стане небясьпечным для Мілошавіча, калі той застанецца прэзыдэнтам да верасьня або кастрычніка, – заяўляе Джынджыч. Ён таксама адзначыў, што рашэньне армейскай пракуратуры не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасьці за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы сьведчыць, што армія больш не падтрымлівае існуючы ўрад.

Сёньня, дарэчы, адбыўся ўстаноўчы зьезд новай партыі – Руху за дэмакратычную Сэрбію, які ўтварыў былы начальнік гэнэральнага штабу югаслаўскае арміі Мамчыла Перышыч. Перышыч, які быў звольнены з войску з-за разнагалосьсяў зь Мілошавічам, лічыцца вельмі пэрспэктыўнай палітычнай фігураю.