Навіны 05 жніўня 1999 г.

Браніслава Станкевіч, Ворша

А цяпер пра лёс тых, хто мусіць расплочвацца за няправедныя судзейскія прысуды. Былы старшыня акцыянэрнага таварыства "Расьсвет" Васіль Старавойтаў, засуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі, знаходзіцца сёньня ў Варшанскай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Як нядаўна стала вядома, двойчы герой працы Васіль Старавойтаў, колішні старшыня знакамітага акцыянэрнага таварыства "Расьсвет", засуджаны за эканамічныя злачынствы, за чатыры месяцы да сканчэньня двухгадовага тэрміну зьняволеньня быў нечакана пераведзены ў Варшанскую калёнію ўзмоцненага рэжыму, вядомую пад назваю УЖ15/8.

У гэтай выпраўленчай установе ўтрымліваюцца пераважна забойцы й гвалтаўнікі, таму нават шмат якія супрацоўнікі калёніі дзівяцца, што Васіль Старавойтаў трапіў менавіта сюды. Адзін з супрацоўнікаў калёніі, імя якога мы па вядомых прычынах не называем, паведаміў, што тутэйшыя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных надзвычай цяжкія нават у параўнаньні зь іншымі ўстановамі падобнага кшталту. Так, у калёніі УЖ15/8, разьлічанай на 1,5 тысячы зьняволеных, утрымліваецца сёньня 4 386 чалавек. Бальшыня зь іх хворыя на сухоты. А каля 50 чалавек — цэлы асобны атрад — хворыя на СНІД. Дарэчы, прынцыповы турэмны лекар, які ня стаў прыхоўваць гэтыя факты пад час апошняй мэдычнай праверкі, зьяўляецца сёньня першым кандыдатам на звальненьне зь ліку турэмнай абслугі.

Менавіта тутэйшыя ўмовы ўтрыманьня часта зьяўляюцца прычынаю сьмерці многіх зьняволеных. Штомесяц тут ад шасьці да дзесяці трупаў — ахвяраў запушчаных хваробаў або нават забойстваў ці суіцыду.

Асуджаны Васіль Старавойтаў знаходзіцца сёньня ў турэмным каранціне. Утрыманьне ў каранціне прадугледжвае выкананьне самых цяжкіх ды брудных турэмных працаў кшталту разгрузкі машынаў ці ачысткі турэмнае каналізацыі. Шмат хто з супрацоўнікаў калёніі сьцьвярджае, што гэта не па сілах 75-гадоваму хвораму чалавеку. Акрамя таго, паводле некаторых зьвестак, за час знаходжаньня ў Воршы Васіль Старавойтаў ужо быў аднойчы зьбіты.

Як зазначыў у гутарцы адзін з супрацоўнікаў калёніі УЖ15/8, паводле йснуючага закандаўства, за чатыры месяцы да сканчэньня тэрміну звальненьня Васіля Старавойтава маглі б умоўна датэрмінова вызваліць. Але тое, што замест вызваленьня Васіля Старавойтава перавялі ва ўстанову з амаль невыноснымі ўмовамі ўтрыманьня, сьведчыць хутчэй не пра мэты перавыхаваньня, а пра адкрыты зьдзек над далёка немаладым ды хворым чалавекам.