Згодна дамоўленасьці, дасягнутай 21 чэрвеня паміж камандаваньнем NATO й альбанскімі лідэрамі, Армія вызваленьня Косава на працягу трох месяцаў мусіць цалкам здаць зброю. Гэта павінна прадухіліць напады на этнічных сэрбаў і паступова прывесьці да нармалізацыі стану ў правінцыі. Нажаль, раззбраеньне альбанскіх баевікоў побач з пасьляваеннай рэканструкцыяй аказалася заданьнем больш складаным, чымся раней меркавалася... Незважаючы на запэўненьні альбанскіх лідэраў, баевікі з Арміі вызваленьня Косава ня выканалі ўмовы пагадненьня, датычнага раззбраеньня. У адпаведнасьці з дамоваю, альбанскія баевікі мусяць у тры этапы здаць пад кантроль міратворцаў усю сваю зброю. На працягу месяца яны павінны былі здаць супрацьтанкавую і супрацьпаветравую зброю, гранаты, міны й выбуховыя матэрыялы. Затым на працягу 60-ці дзёнаў мусіць быць здадзеная лягчэйшая зброя, а таксама вайсковая форма. Згодна плянам NATO, частка раззброеных людзей была б потым уключаная ў новаствораныя сілы бясьпекі. Канкрэтны тэрмін другога этапу раззбраеньня прызначаны празь месяц, а трэці этап мусіць скончыцца 22 верасьня. У зьвязку зь невыкананьнем умоваў першага этапу, камандаваньне міратворчых сілаў у правінцыі падоўжыла тэрмін яшчэ на двое сутак да суботы. Адначасова NATO й альбанскія лідэры прызналі, што некаторыя баевікі й палявыя камандзіры проста адмаўляюцца здаваць зброю. Паблажлівае стаўленьне NATO выкліканае боязьзю, што непаслушэнства некаторых палявых камандзіраў можа прывесьці да баёў паміж самімі альбанцамі. У сераду жаўнеры NATO затрымалі й раззброілі 15 альбанцаў у форме, якія мусілі былі зьявіцца ў рэгістрацыйным пункце ўжо два тыдні таму. Паводле словаў аднаго з альбанскіх лідэраў, "некаторыя баевікі ніколі не аддадуць аўтаматы Калашнікава, паколькі яны лічаць іх ваеннымі трафеямі". Галоўнакамандуючы сіламі NATO гэнэрал Джэксан папрасіў альбанскіх камандзіраў на чале з Агімам Чэку асабіста праверыць маштабы раззбраеньня і здаць яму справаздачу. Праблема ў тым, што сапраўдная колькасьць зброі ў руках косаўскіх альбанцаў невядомая нават альбанскім лідэрам і немагчыма яе спраўдзіць. У часе вайны зброя, пераважна лёгкая, паступала з Альбаніі, Макэдоніі, Чарнагорыі і, нават, з Сэрбіі. Міратворцы знаходзяць яшчэ запячатаныя скрыні з аўтаматамі й боепрыпасамі з Альбаніі, а таксама склады, захопленыя ў сэрбаў. Паводле словаў гэнэрала Джэксана, ён ня хоча нікога пасьпешліва абвінавачваць у злой волі, але працэс раззбраеньня замаруджваецца. Працягваюцца таксама напады на этнічных сэрбаў, якія засталіся ў Косаве. Ацэньваецца, што каля 100 тысячаў, палова ўсіх этнічных сэрбаў, пакінулі правінцыю, а тыя, што засталіся, проста ня маюць куды ўцякаць. Дарэчы, сёньня дзеля азнаямленьня з сытуацыяй на мейсцы, у Косава прыбывае канцлер ФРН Шродэр. Напярэдадні свайго візыту, у часе венскай канфэрэнцыі, прысьвечанай стабілізацыі на Балканах, ён адзначыў, што ў рэгіёне павінны быць у першую чаргу загарантаваныя правы чалавека. Канцлер мае намер сустрэцца з камандзірам Арміі вызваленьня Косава Гашымам Тачы й памяркоўным палітыкам Ібрагімам Руговам. Ён затрымаецца ў горадзе Прызрэн, дзе разьмешчаныя нямецкія вайскоўцы і адкуль уцяклі амаль усе сэрбы, а тым, што засталіся, бясконца пагражае помста з боку альбанцаў. Шродэр абмяркуе зь мяйсцовымі сэрбамі пытаньне іхнае бясьпекі. На думку вышэй цытаванага гэнэрала Джэксана, пакуль у руках альбанцаў будзе заставацца зброя, праблемы такога кшталту ў правінцыі ня скончацца.