Судовыя разьбіральніцтвы становяцца неаддзельнай часткаю штодзённай працы незалежных журналістаў. Сёньня галоўны рэдактар газэты "ИМЯ" Ірына Халіп трэці раз за апошнія два дні была выкліканая ў пракуратуру на допыт. Супраць газэты "ИМЯ" ўзбуджаная крымінальная справа за быццам бы паклёпніцкі матэрыял на гэнэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлку. Спадарыні Халіп сёньня вернуты ейны пашпарт і заўтра яна зьбіраецца выляцець у ЗША. Сёньня ж на допыты былі выкліканыя журналісты "Белорусской газеты" Ягор Маёрчык і Юрась Дубіна.
Пасьля трэцяга за апошнія два дні допыту ў пракуратуры Кастрычніцкага раёну Менску галоўнага рэдактара газэты "ИМЯ" Ірыну Халіп выпусьцілі на волю.
Ёй аддалі пашпарт і квіты на самалёт у Злучаныя Штаты, якія былі сканфіскаваныя пад час учорашняга ператрусу на кватэры Ірыны Халіп на вуліцы Цнянскай.
У Злучаныя Штаты на трохтыднёвае стажаваньне Ірына Халіп зьбіраецца выляцець заўтра. Трохгадзінны ператрус на кватэры адбыўся ўчора. У выніку, як паведаміла нашаму радыё Ірына Халіп, у яе "сканфіскавалі сыстэмовы блёк ад кампутара, мой працоўны нататнік, пашпарт і ўсе дыскеты. Пакуль што я праходжу як сьведка. Абвінавачваньняў мне не прад'яўлялі, бо крымінальная справа ўзбуджаная паводле факта, а не ў адносінах да мяне".
(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, а як з вамі абыходзіліся, якія пытаньні вам задавалі пад час гэтага допыту?"
(Халіп: ) "Перапрашаю, я дала падпіску аб неразгалошваньні".
(Карэспандэнт: ) "Як бы вы пракамэнтавалі цяперашнюю сытуацыю?"
(Халіп: ) "Я нічога не разумею".
Гэта паведаміла Ірына Халіп, якая дагэтуль знаходзіца ў статусе сьведкі. Крымінальная справа супраць газэты "ИМЯ" ўзбуджаная ўчора зь ініцыятывы гэнэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлкі паводле друкаваньня газэтаю 24 чэрвеня сёлета артыкула "Віця-калгасьнік". Артыкул, як лічыць Бажэлка, узводзіць на яго паклёп.
У журналісцкім матэрыяле гаворыцца пра сяброўкія сувязі паміж гэнпракурорам і заарыштаваным кіраўніком камэрцыйнае фірмы Віктарам Лагвінцом. Гэтую сувязь і спрабуе зараз аспрэчыць Алег Бажэлка.
Сьледзтва вядуць старэйшы сьледчы гарадзкое пракуратуры Генадзь Бурштын і сьледчы кастрычніцкае пракуратуры Менску Юры Надольскі. У межах крымінальнае справы і былі праведзеныя ўчора ператрусы ў рэдакцыі й на кватэры Ірыны Халіп.
І ў той час, як Ірына Халіп давала сёньня паказаньні ў кастрычніцкай пракуратуры Менску, у пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску ў гэты ж час а другой гадзіне дню паводле менскага часу даваў паказаньні карэспандэнт "Белорусской газеты" Ягор Маёрчык.
Сьледчы фрунзэнскай пракуратуры Рыгор Мішнёў выклікаў спадара Маёрчыка ў якасьці сьведкі ў справе зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Сьледчага цікавілі крыніцы інфармацыі, якімі карыстаўся Маёрчык пры падрыхтоўцы матэрыялу "Мейсца знаходжаньня Юрыя Захаранкі невядома". Артыкул надрукаваны ў "Белорусской газете" 17 траўня. Як паведаміў нашаму радыё пасьля гадзіннага допыту сам Ягор Маёрчык, асобнае справы супраць журналіста ня ўзбуджана й допыт адбываўся ў межах існуючай справы аб зьнікненьні Захаранкі.
Сьледчы паабяцаў, што Ягор Маёрчык будзе выкліканы ў пракуратуру яшчэ раз, а а 15-й гадзіне паводле гэтай жа справы пачаўся допыт яшчэ аднаго карэспандэнта "Белорусской газеты" Юрася Дубіны.