Навіны 08 ліпеня 1999 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску адзначалі сарачыны па ахвярах трагедыі на Нямізе, у выніку якой загінулі 53 чалавекі. З гэтай нагоды ў сталічным Сьвята-Духавым катэдральным саборы была адпраўленая жалобная літургія, а таксама паніхіда каля царкоўнага каменя на менскім замчышчы. Пасьля Аляксандр Лукашэнка адкрыў афіцыйны помнік ахвярам каля ўваходу ў мэтро.

На сёняшняй жалобнай літургіі ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы, якую адпраўляў мэтрапаліт Філарэт, пераважаў чорны колер. У царкву пераважна прыйшлі бацькі, сваякі і сябры людзей, якія загінулі ў пераходзе. Пасьля яе заканчэньня мітрапаліт зьвярнуўся да іх з кароткаю прамовай. Яе галоўны сэнс у тым, што душы загінулых сёньня ўжо перад Богам, а малітва больш патрэбная жывым, бо ніхто з нас ня ведае, дзе й калі скончыцца зямны шлях.

Гэтую думку патрыяршы Экзарх працягнуў і на менскім замчышчы, куды з катэдральнага сабору вернікі прыйшлі спэцыяльным хросным ходам.

Каля камяня на месцы знаходжаньня першай менскай царквы Х1 стагодзьдзя сьвятары адслужылі паніхіду па загінулых. А тым часам улады рыхтаваліся да адкрыцьця афіцыйнага помніка ля станцыі мэтро. Чакалі галоўную пэрсону, якая павінна адкрыць мэмарыял – прэзыдэнта Лукашэнку.

Памятны знак ўяўляе сабой прыступкі з чырвонага граніту, што сымбалізуе пралітую кроў, а на іх – бронзавыя ружы і цюльпаны, што, згодна задумы архітэктара Аляксандра Шадовіча і скульптара Генадзя Буралкіна, абазначае страчаныя жыцьці юнакоў і дзяўчат. Помнік вянчае трохі перафразаваная цытата Аляксандра Лукашэнкі: "Пяцьдзесят тры рубцы на сэрцы Беларусі".

Помнік рабіўся вельмі хутка, каб пасьпець да саракавінаў, проста аўральным мэтадам. Можа, гэтая акалічнасьць і не спадабалася сваякам ахвяраў -- пасьля паніхіды многія зь іх не засталіся на афіцыйнае адкрыцьцё мэмарыялу і адразу ж з'ехалі на могілкі, дзе пахаваныя іх родныя.

Вось што думае адносна афіцыйнага помніка сястра загінулай Насьці Саўкі, Наташа.

(Карэспандэнт: ) На Вашую думку, які можа быць лепшы помнік Вашай сястры?

(Наташа: ) "Натуральна, Храм На Крыві каб пабудавалі. Нам не патрэбны гэты помнік зь кветкамі".

(Карэспандэнт: ) Вы лічаце, што ён можа быць толькі як часовы знак?.

(Наташа: ) "Так".

Такой жа думкі прытрымліваюцца і шмат якія іншыя бацькі і родныя ахвяраў трагедыі.

Пасьля афіцыйнага адкрыцьця мэмарыялу, якое працягвалася літаральна 5 хвілінаў, Аляксандр Лукашэнка падышоў да скульптара Міхаіла Інькова, які страціў тут сваю дачку Машу, каб запытацца, якія ёсьць праблемы.

"Мы хочам тут пабудаваць царкву, капліцу" – адказаў Міхаіл. Лукашэнка сказаў, што падумае, але гэта, маўляў, не так проста, бо побач – мэтро.

А пакуль прэзыдэнт параіў бацькам лепш глядзець за магіламі, паставіць там помнікі.

Пасьля чаго сеў у свой "Мэрсэдэс" і зьехаў.

Падбна на тое, што прэзыдэнт быў не ў гуморы і размаўляць з людзьмі на гэты раз ня стаў.

А можа, яму проста не было чаго сказаць.