Навіны 02 ліпеня 1999 г.

Уладзімір Глод, Менск

У Беларусі праходзяць палітычныя акцыі, зьвязаныя зь імём былога кіраўніка ўраду Беларусі Міхаіла Чыгіра. Адна акцыя - збор подпісаў за вызваленьне Чыгіра з-за кратаў, другая - стварэньне рэгіянальных філіяў камітэту "Свабоду Чыгіру і Беларусі!".

У штаб-кватэры Міхаіла Чыгіра мне сёньня паведамілі, што тут задаволеныя тэмпамі збору подпісаў за ягонае неадкладнае вызваленьне.

Паводле супрацоўнікаў штабу, нягледзячы на летнія адпачынкі і сьпякоту, колькасьць ужо сабраных галасоў вымяраецца нават ня тысячамі, а дзясяткамі тысячаў.

Вось што кажа жонка і адвакат Міхаіла Чыгіра, Юлія Чыгір:

(Юлія Чыгір: ) "Гэта справа пачалася ў вёсцы Вежы Слуцкага раёну, і пасьля гэтага пачаўся збор подпісаў у Слуцку. Там падпісалася больш чым 600 чалавек, і потым пачалі зьбіраць у Менску. Зараз падпісваюцца людзі ва ўсіх тых раёнах, дзе ёсьць наш прадстаўнік. Шмат подпісаў сабрана на Берасьцейшчыне".

Паводле Юліі Чыгір, з кожнага пікету ў Менску звычайна ў штаб прыносяць недзе паўтары сотні подпісаў.

(Юлія Чыгір: ) "На пікетах шмат людзей падыходзіць, абураюцца тым, што Чыгір затрыманы, але шмат хто і ня ведае, што Чыгір знаходзіцца за кратамі, і бяруць інфармацыю, просяць распавясьці, што здарылася, чаму ён там знаходзіцца. Вельмі шмат людзей, якія вераць у тое, што ён сапраўды нявінавіты і ня браў ніякіх грошаў".

Жонка былога прэмьера паведаміла, што ў яе зараз сабралася шмат дакумэнтаў па праверцы дзейнасьці "Аграпрамбанку" у той час, калі гэтай установай кіраваў ейны муж. Вынікі праверак сьведчаць пра тое, што ніякіх злоўжываньняў зь ягонага боку на гэтай пасадзе не было. Таму зараз жонка і адвакат Чыгіра хоча выдаць невялікую кніжачкку, у якой будуць зьмешчаныя дакумэнтальныя матэрыялы ў так званай "справе Чыгіра". Такім чынам кожны, хто захоча, можа пераканацца ў тым, што Чыгіра спрабуюць абвінаваціць з дапамогай фальсыфікацыяў.

Што ж тычыцца подпісаў, дык у штабе спадзяюцца, што ўжо ў верасьні будуць дакумэнтальна аформленыя першыя сто тысячаў.

Аляксей Кароль, старшыня рэспубліканскага камітэту "Свабоду Чыгіру і Беларусі!" паведаміў, пра тое, што філіі гэтай арганізацыі за тры тыдні зафіксаваныя ўжо ў 69 са 118 раёнах Беларусі. Справа ідзе хутка таму, што філіі ўтвараюцца на базе падтрымкі Чыгіра пад час прэзыдэнцкай кампаніі. У бліжэйшы час, запэўніў Аляксей Кароль, філіі будуць створаныя і ў тых рэгіёнах, дзе групаў падтрымкі альбо не было ўвогуле, альбо яны спынілі сваю дзейнасьць пасьля выбараў 16 травеня.