Навіны 28 чэрвеня 1999 г.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Цяпер ізноў людзі з вышэйшай адукацыяй даглядаюць палі з буракамі і бульбай, а сяляне выступаюць у ролі наглядчыкаў, прычым часьцей за ўсё - нецьвярозых.

Магілеўскі гарвыканкам давёў да ведама ўсіх прадпрыемстваў у абласным цэнтры пляны нарыхтоўкі сена. Разьлік такі: кожны працуючы павінен нарыхтаваць дзьвесьце кіляграмаў сена. У сенакосе таксама бяруць удзел супрацоўнікі камітэтаў і адзьдзелаў аблвыканкаму. Прычым кіраўнік Магілеўшчыны Міхаіл Дражын не стамляецца папярэджваць асабіста сваіх падначаленых на "планёрках", што яны ўжо а пятай гадзіне раніцы павінны быць на палях.

Ніхто не ў захапленьні ад такіх распараджэньняў. Але людзей прымушаюць пад страхам страціць свае працоўныя месцы.

Цяперашняя праца гараджанаў у калгасах арганізаваная вельмі дрэнна. Людзі знаходзяцца на палях па 6-7 гадзінаў,на самым санцапёку, і кіраўніцтва сельскіх гаспадарак не клапоціцца нават пра ваду для дармавой рабочай сілы.

Зрэшты, старшыні калгасаў ня вельмі і прагнуць гэтай дапамогі гораду - ім сёньня патрэбныя ня людзі і ня тэхніка, а грошы. Які калгасьнік у цьвярозым розуме пойдзе, напрыклад, палоць буракі, калі яму ня выплацілі заробак яшчэ за люты? А такіх гаспадарак у Магілеўскай вобласьці - трынаццаць.

Сяляне шчыра прызнаюцца, што ходзяць на працу ў калгас толькі дзеля таго, каб нешта скрасьці для сваіх асабістых гаспадарак, зь якой трэба карміцца ўсёй сям'і.

Распавядаюць, што аднойчы кіраўнік вобласьці Дражын, які любіць вандраваць па сельскіх раёнах і гутарыць людзьмі, заехаў на адну ферму, дзе даяркі, якія ўжо перажылі перыяд адчаю і канчаткова страцілі пачуцьцё страху перад заезджым начальствам, зьдзівілі старшыню аблвыканкаму жыцьцёвай праўдай без упрыгожаньня. І што грошаў яны паўгады ня бачылі, і што прыходзяць яны на фэрму ня дзеля працы, а чакаюць камбікорму, каб патроху перанесьці яго да ўласных каровак, бо ўрэшце рэшт ім і дзецям трэба нешта есьці. Разгублены Міхаіл Дражын пайшоў пасьля гэтага прасіць грашовай дапамогі для сялянаў у прамыслоўцаў, а тыя таксама не хавалі, што можна, канечне, зьняць зь сябе апошняе, але хто потым будзе даваць сродкі для аднаўленьня разбуранай прамысловай вытворчасьці - невядома.

Вось так малааптымістычна былі адзначаныя першыя сто дзён кіраваньня Міхаіла Дражына ў Магілеўскай вобласьці. Сваёй першай мэтай ён абвяшчаў "навядзеньне парадку з кадрамі", і амаль на ўсе асноўныя пасады прыйшлі новыя людзі. Ці, лепш сказаць - добра знаёмыя "старыя кадры". Вяртаюцца людзі, якія сышлі з дыстанцыі ўлады ў перыяд перабудовы і станаўленьня дзяржаўнасьці Беларусі. Прычым цяжка сказаць, чым канкрэтна кіруецца спадар Дражын пры зьмене кіраўнікоў. Напрыклад, у Касьцюковіцкім раёне самае цяжкае становішча ў справе выплаты заробкаў сялянам. А ягоны кіраўнік Аляксандр Агееў робіцца старшынёй Шклоўскага райвыканкаму - атрымлівае адну з самых адказных пасадаў на Магілеўшчыне.

Але так ці інакш, станоўчых вынікаў ад кадравых перасоўваньняў на Магілеўшчыне пакуль не назіраецца.