Навіны 25 чэрвеня 1999 г.

Так званы "нацыянальны сход палаты прадстаўнікоў" прыняў зьмены ў некаторыя заканадаўчыя акты, якія тычацца "абароны гонару і годнасьці прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь".

Цікава, што паводле новых паправак, зыск аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта будзе падаваць не асабіста прэзыдэнт, а пракурор.

Палажэньні аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта закладзеныя ў чатырох дакумэнтах - Законах "Аб прэзыдэнце", "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", у Адміністрацыйным і Грамадзянска-працэсуальным кодэксах. "Іх трэба было ўзмацніць" - патлумачыў у гутарцы з карэспандэнтам радыё "Свабода" старшыня камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву "палаты прадстаўнікоў" Анатоль Красуцкі.

Цяпер пакараньне прадугледжваецца ня проста за "распаўсюджваньне ілжывых зьвестак" пра прэзыдэнта, а - "наўмысна ілжывых". У чым тут істотная розьніца, Красуцкі адказаць ня здолеў. Толькі заўважыў, што нашыя праваахоўчыя ворганы добра навучыліся заўважаць гэтую мяжу.

Тут варта нагадаць, што, да прыкладу, згодна Закону "Аб друку...", ступень адказнасьці за тую ці іншую публікацыю СМІ вызначае суд. У тым ліку і за распаўсюджваньне тых жа "ілжывых зьвестак", якія закранаюць "гонар і годнасьць прэзыдэнта". Цяпер у Адміністрацыйны кодэкс унесены дадатак - "загадзя ілжывых зьвестак", і штраф накладаецца ня толькі на выданьне, але і на службовых асобаў, у памеры ад 50 да 100 мінімальных заробкаў. Суд павінен, аднак, даказаць, што інфармацыя, зьмешчаная ў друку, была сапраўды сьвядома ілжывай.

Затое дзеля таго, каб выданьне альбо грамадзяніна прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, нічога даказваць ня трэба. Як палічыць пракурор - так і будзе. Прачытае ён публікацыю альбо паслухае запіс публічнага выказваньня грамадзяніна, вырашыць, што прагучала абраза прэзыдэнта, — і гэтага будзе дастаткова, каб завесьці крымінальную справу ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам.

Самае дзіўнае, аднак, у тым, што зыск аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта будзе падаваць ня сам прэзыдэнт, а ўсё той жа пракурор, ад ягонага імя. Якая цудоўная магчымасьць выслужыцца перад кіраўніком дзяржавы, паказаць яму асабістую адданасьць! І колькі грамадзянаў можна засадзіць у вязьніцу за "доўгі язык" на некалькі месяцаў альбо гадоў, у залежнасьці ад таго, якую меру пакараньня запросіць пракурор. Бо судзьдзі ў такой сытуацыі наўрад ці будуць пярэчыць. Яны і ў іншых выпадках рэдка асьмельваюцца дэманстраваць самастойную і аб'ектыўную пазыцыю.

Дарэчы, паводле словаў Красуцкага, законапраект "Аб унясеньні дапраўненьняў у некаторыя заканадаўчыя акты аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта" праваляўся ў «палаце прадстаўнікоў» больш як год, і «прыйшоў, нарэшце, час, прыняць яго і ў другім чытаньні». Да гэтага можна дадаць толькі адно: беларускае грамадзства ўсё больш і больш ахоплівае атмасфэра страху.

Галіна Айзэнштад, Менск