Навіны 21 чэрвеня 1999 г.

Алесь Лазоўскі, Менск

Празь дзесяць дзён завершыцца афіцыйная працэдура правядзеньня перарэгістрацыі палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафэсійных саюзаў. Тры партыі ўжо прайшлі перарэгістрацыю, лёс яшчэ пяці вызначаецца. Пакуль не падаў дакумэнты Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў.

Пасьведчаньне пад нумарам 001 атрымала Лібэральна-Дэмакратычная Партыя Беларусі. Яго старшыні партыі Сяргею Гайдукевічу ўручыў начальнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства Юстыцыі Міхаіл Сухінін. Акрамя таго перарэгістраваная Партыя Жанчын «Надзея» і Партыя Працы й Справядлівасьці. Міністэрства цяпер разглядае дакумэнты яшчэ пяці рэспубліканскіх партыяў — Аб'яднанай Грамадзянскай, Патрыятычнай, Экалягічнай Партыі (якая ня так даўно аб'ядналася з Партыяй «Зялёных»), Рэспубліканскай Партыі і Партыі Камуністаў Беларускай.

У офісе ПКБ мне паведамілі, што ледзь ня месяц чакаюць пісьмовага адказу ад МінЮсту пра прэтэнзіі да статуту арганізацыі. А што вядома на словах — кажа памочнік у эканамічных пытаньнях Пятро Гораў:

(Гораў:) «Прэтэнзіі МінЮсту датычаць пытаньня пераемнасьці ПКБ-КПСС. Свайго часу быў аб'яднаўчы зьезд, на якім было абвешчана, што Партыя Камуністаў Беларуская зьяўляецца пераемніцай, а яны хочуць, каб мы выключылі з статуту гэты пункт, хоць раней з Сухініным і МінЮстам гэтае пытаньне падчас аб'яднаўчага зьезду было ўзгодненае. Мы свае аргумэнты выклалі і чакаем ад іх пісьмовага адказу».

Пункт пра пераемнасьць, на думку МінЮсту, ня можа быць уключаны на той падставе, што ў будучыні, кіруючыся ім, партыя можа ініцыяваць пытаньне аб прэтэнзіях на маёмасьць ПКБ-КПСС.

Што да прафэсійных саюзаў, то найбуйнейшае іх аб'яднаньне — Фэдэрацыя Прафсаюзаў — перарэгістравалася пасьля таго, як была зарэгістраваная большасьць зь яе структураў. У Кангрэсе Дэмакратычных Прафсаюзаў, які на сёньня аб'ядноўвае пяць незалежных прафсаюзаў, нам паведамілі, што гэтая структура пакуль не падавала дакумэнты на перарэгістрацыю. Рэч у тым, што структура можа прайсьці працэдуру толькі тады, калі яе пройдуць хоць два суб'екты. На сёньня такі толькі адзін — Беларускі Незалежны Прафсаюз. Да дакумэнтаў Свабоднага Прафсаюзу прэтэнзія ў тым, што ў іх не пазначаны абавязак выконваць дэкрэты прэзыдэнта. Паводле старшыні Свабоднага Прафсаюзу Мэталістаў Міхаіла Марыніча, да іх прэтэнзія ў тым, што патрабуюць выключыць...

(Марыніч:) «... пункт, датычны навучаньня сяброў прафсаюзу адпаведна мэтам і задачам. Прэтэнзію выклікае і тое, што сяброўства ў арганізацыі маюць ня толькі мэталісты. Забараняюць весьці анкетаваньне работнікаў прадпрыемства, якія не ўваходзяць у склад прафсаюзу».

«Дык я, — кажа Міхаіл Марыніч, — меркаваньне маіх сяброў і без анкетаваньня ведаю». Ён дадаў, што лёс дакумэнтаў будзе вырашаць урадавая камісія, якая будзе засядаць у гэтую пятніцу. Калі ўлічыць, што паседжаньні адбываюцца раз на тыдзень, дык яно будзе апошняе. Калі нейкая з структураў не пасьпела падаць дакумэнты, але мае паважныя прычыны, то праз суд яна можа абавязаць міністэрства прыняць іх пасьля заканчэньня афіцыйнага тэрміну падачы. Акрамя таго дакумэнты можна падаць і пасьля 31 чэрвеня, але ў такім разе ўжо на рэгістрацыю, а не перарэгістрацыю.

Аднак у міністэрстве не выключаюць звароту да прэзыдэнта з просьбай аб працягу афіцыйнага тэрміну, калі за апошнія дзесяць дзён на яго абрынецца вялікая колькасьць заяваў.