Навіны 16 чэрвеня 1999 г.

Сяргей Навумчык, Прага

На пасяджэньні рады парляманцкага сходу беларуска-расейскага саюзу, які адбываецца ў Санкт-Пецярбургу, абмяркоўваюцца аспэкты эканамічнай і палітычнай інтэграцыі.

У Пецярбургу, акрамя пасяджэньня так званай "двойкі", праходзіць і нарада "пяцёркі" - дэпутатаў Беларусі, Расеі, Казахстану, Кіргізіі і Таджыкістану. Акрамя таго - і гэта падаюць як галоўную падзею - сабралася і "дзясятка" - Савет міжпарламанцкай асамблеі краінаў СНД.

Не абышлося і без прыемнага.

Старшыня так званага "савету рэспублікі" Павал Шыпук з рук Ягора Строева атрымаў дыплём за" вялікі ўклад у правядзеньне пецярбурскага эканамічнага форуму". Да дыплёму прыклалі і залаты мэдаль.

Канечне, на ўсё гэта можна было б глядзець як на дзіцячыя гульні дарослых людзей, бо СНД развальваецца на вачах - дастаткова ўзгадаць ўвядзеньне Туркменістанам візаў для грамадзянгаў краінаў СССР.

Ды і беларуска-расейскі саюз, здавалася б, не дае тых выгодаў, на якія разьлчвалі ягоныя стваральнікі. Кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Расеі Міхаіл Ванін заявіў учора, што толькі ў выніку разыходжаньня мытных тарыфаў на афармленьне замежных аўтамабіляў Расея губляе ў год 600 мільёнаў даляраў.

600 мільёнаў даляраў - лічба ўнушальная. Відавочна, да яе можна дадаць не адзін мільён, якія Расея губляе ў выніку ўвозу праз Беларусь адных толькі алкагольных вырабаў.

І ўсё ж ёсьць падставы лічыць, што Крэмль згодны пайсьці і на значна большыя выдаткі, каб захаваць беларуска-расейскі саюз.

Прыгадаем, што утрыманьне расейскага міратворчага кантынгэнту ў Косаве абыдзецца Маскве ў 200 мільёнаў даляраў, якія, зразумела, можна было б скарыстаць на лякарні, школы ці выплату пэнсіяў. Ні для кога не сакрэт, што ў Косава НАТА, па вялікім рахунку, можа абысьціся і без расейскіх міратворцаў, тым больш што дзеяньні расейскіх вайскоўцаў вызначаюцца непрадказальнасьцю. Кантынгент у Косаве патрэбны не НАТА, не сэрбам і нават не асабіста Мілошавічу - а самой Расеі, дзеля сьцьвярджэньня ўласнай вартасьці.

І, канечне, дзеля таго, каб захаваць, як кажуць крамлёўскія палітыкі, "фарпост расейскіх геастратэгічных інтарэсаў". І калі гэты інтэрас на Балканах каштуе 200 мільёнаў даляраў - можна меркаваць, што ўтрыманьне ў зоне свайго ўплыву Беларусі вартае сумы і ўтрая, і ў дзесяцера большай.

Фактычна, на працягу апошніх гадоў Расея крэдытуе Лукашэнку, забясьпечваючы падтрыманьне нейкага мінімальнага ўзроўню жыцьця абсалютнай большасьць беларускага насельніцтва.

Памеры цяперашніх беларускіх пэнсіяў — гэта зьдзек над тымі, хто добрасумленна адпрацаваў ўсё жыцьцё "на дзяржаву". Яшчэ большы зьдзек - мірэрныя заробкі маладых людзей, поўных сілы.

Аднак людзі абыходзяцца мінімумам. І ўжо - не адзін год. Такі ўзровень жыцьця ў Польшчы ці ў Чэхіі ( ня будзем казаць пра больш разьвітыя краіны) меў бы вынікам выхад тысячаў людзей на вуіцы і зьмену кіраўніцтва. Беларусы ж прыцярпеліся. Большасьць лічыць, што той мінімум умоваў, які ўдаецца вырваць у дзяржавы, дазвалае не памерці - і дзякуй Богу.

Зазначым, што гэты мінімум можа падтрымлівацца як заўгодна доўга. І цярпеньне, відаць, таксама. Вось на Кубе сярэдні заробак - восем восем даляраў у месяц, у Паўночнай Карэі ён не дасягае даляру, а рэжымы існуюць дзесяцігоддзі. Гэтыя краіны знаходзяцца ў ізаляцыі - а лукашэнкаўская Беларусь можа разьлічваць на падтрымку Расеі аж да таго часу, пакуль тая не адмовіцца ад сваіх "геастратэгічных інтарэсаў".

Дадамо, што ў іншых варунках краіна з такім геапалітычным становішчам, як Беларусь, магла б коштам уласных рэсурсаў стварыць разьвітую эканоміку ды ды пазбавіцца ад зьневажальнай залежнасьці.

Бо заўсёды лепш залежыць ад уласнага розуму, чым ад спагады суседа.