Навіны 01 чэрвеня 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

На допыт у КДБ быў выкліканы кіраўнік менскай філіі Беларускага Гэльсінскага камітэту Валер Костка.

Допыт у КДБ распачаўся блізу 11 гадзіны раніцы і працягваўся амаль чатыры гадзіны. Упершыню ў юрыдычнай практыцы апошняга часу было забясьпечана права сьведкі на юрыдычную дапамогу пасьля допыту. Пасьля доўгіх спрэчак на допыце было дазволена прысутнічаць у якасьці абаронцы Гары Паганяйлу.

І Валер Костка, і гары Паганяйла далі падпіску аб неразгалошваньні зьместу допыту, таму пакуль невядома, пра якую крымінальную справу ідзе размова.

За дзень да гэтага, у панядзелак, старшыня Менгскай філіі БГК атрымаў позву з КДБ за подпісам старшага сьледчага па асабліва важных справах Генадзя Гнедзькі. У той жа дзень Валер Костка даў інтэрвью радыё "Свабода", у якой выказаў сваё меркаваньне наконт цікавасьці да яго з боку КДБ.

(Костка: ) "Першы раз мяне выклікалі ў сувязі з тым, што я зьвярнуўся да афіцэраў КДБ, міліцыі і арміі са зваротам не выконваць антызаконныя загады і падпарадкоўвацца толькі закону. І тады тая гутарка не тычыла нейкіх крымінальна-працэсуальных момантаў. А зараз для мяне ўзьнікае некалькі пытаньняў. Першае пытаньне - ужо праглядаецца сыстэма ціску з боку КДБ. Мяне, маю сястру родную выклікалі ў КДБ, афіцыйнае папярэджаньне абвясьцілі. Мне як юрысту і былому кэдэбістузразумела, што КДБ перайшло свае паўнамоцтвы і ўступіў у неправавую тэрыторыю. Гэта не справа КДБ - займацца ўнутрыпалітычным сыскам. Ідзе нейкая палітычная валтузьня."

Варта нагадаць, што сястра Валера Косткі была папярэджаная КДБ у сувязі з выкананьнем сваіх абавязкаў у якасьці старшыні адной з камісіяў па выбарах прэзыдэнта.

Шматлікія хібы гэтай кампаніі прымусілі прыгадаць дакумант, апублікаваны ў газэце "Навіны", дзе сьцьвярджалася, што ў радзе бясьпекі распрацаваны адмысловы плян процідзеяньня апазыцыі. Кіраўніцтва Рады бясьпекі назвала гэты дакумэнт фальшыўкай. Але па факце публікацыі была ўзбуджаная спрва, і ў КДБ выклікаліся тыя, хто меў дачыненьне да публікацыі.

(Костка: ) "Калі зараз па гэтай справе ўзбуджаная крымінальная спрвава, дык узьнікае падозраньне, што той дакумэнт і не фальшыўка, бо па фальшыўках справы не ўзбуджаюцца. А калі гэты дакумэнт быў сапраўдным - узьнікае пытаньне да тых, хто хто гэты дакумэнт рыхтаваў. Там падкрэсьліваецца, што КДБ павінна раймацца "разлажэньнем" апазыцыі, не даваць ёй магчымасьці аб'яднацца. Калі КДБ гэта робіць - яно займаецца палітычным сыскам".