Навіны 28 траўня 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў Менску адбылася грамадзка-культурніцкая акцыя з удзелам беларускіх і польскіх публіцыстаў. Супольнымі намаганьнямі амбасадар Польшчы ў Беларусі, Беларускі Калегіюм і Польскі Інстытут наладзілі дыскусію з нагоды 10-годзьдзя «круглага стала» ў Польшчы. Пра актуальнае значэньне падзеі, зь якой пачыналася ўсталяваньне дэмакратыі, перад пачаткам дыскусіі з журналістам Gazety Wyborczej Эдвардам Кшэменем гутарыў наш карэспандэнт.

Увесну 1989 году антыкамуністычнай апазыцыі ў Польшчы ўдалося зрабіць тое, што раней здавалася немагчымым — распачаць перамовы за круглым сталом з уладамі. Круглы стол, дарэчы, быў усталяваны ў тым самым памяшканьні, дзе 50 гадоў таму была падпісаная Варшаўская Дамова аб стварэньні ваенна-палітычнага блёку СССР і краінаў-сатэлітаў. Перамовы, у якіх удзельнічаў лідэр «Салідарнасьці» Лех Валэнса і ўся апазыцыя з аднаго боку ды прадстаўнікі польскай кампартыі з другога, пры пасярэдніцтве Касьцёлу, цягнуліся два з паловай месяцы і скончыліся акурат 10 гадоў таму. Адначасна паўчаўся выпуск дэмакратычнай незалежнай газэты, якая пазьней атрымала назву Gazeta Wyborcza. Круглы стол прывёў да першых у паваеннай гісторыі Польшчы часткова свабодных выбараў, а ўрэшце — да падзеньня камунізму. Пра гэта нагадаў у інтэрвію Радыё Свабода палітычны аглядальнік Gazety Wyborczej Эдвард Кшэмень.

«Гэта быў першы ў гісторыі Цэнтральнай Эўропы прыклад мірнага пераўтварэньня дыктатарскай камуністычнай сыстэмы ў сыстэму дэмакратычную. Дзякуючы гэтаму пазьней сталіся магчымымі зьмены і ў Чэхаславаччыне, і падзеньне ГДР, пераўтварэньні ў іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а ўрэшце — і распад савецкай імпэрыі. 10 гадоў таму ўдзельнікі круглага стала гэтага яшчэ ня ведалі. Камуністычныя ўлады Польшчы на той момант былі цалкам збанкрутаваныя, эканоміка і ўся палітычная сыстэма знаходзіліся ў крызысе. Але ж і апазыцыя не была моцная, яна была раздробленая, перажывала шматлікія ўнутраныя супярэчнасьці паміж рознымі яе часткамі. Улады не хацелі дэмакратычных пераўтварэньняў, яны хацелі толькі частковай мадэрнізацыі сыстэмы. Аднак посьпех на перамовах надаў вялікі аўтарытэт «Салідарнасьці» і ў наступным забясьпечыў на выбарах перамогу прыхільнікаў дэмакратыі і незалежнасьці Польшчы над камуністамі», — сказаў Эдвард Кшэмень.

(Кшэмень:) «Ці можна скарыстаць тагачасны польскі досьвед у сытуацыі сёньняшняй Беларусі? Пры ўсёй адрознасьці варункаў варта адзначыць, што ўсялякая эканамічная сыстэма, калі яна не заснаваная на рынкавых прынцыпах, раней ці пазьней пацерпіць крах. Гэтую думку ны хацелі б у прыватнасьці выказаць у часе круглага стала тут у Менску. Лепей правесьці адзін дзень за круглым сталом — хай з сваімі палітычнымі ворагамі — чымся дзесяць гадоў весьці грамадзянскую вайну».

Цяпер шмат якія замежныя дзеячы і назіральнікі лічаць, што апазыцыя ў Беларусі сёньня аслабленая і разьяднаная, у той час як вэртыкальная ўлада на чале з прэзыдэнтам выглядае вельмі моцнай. І таму весьці дыялёг у цяперашніх палітычных умовах быццам бы й не выпадае. Аднак Эдвард Кшэмень лічыць такое меркаваньне памылковым.

(Кшэмень:) «Улада прэзыдэнта Лукашэнкі, паводле майго меркаваньня, не такая моцная, бо яна трымаецца на вельмі слабых гаспадарчых і грамадзкіх падставах. Немагчыма эфэктыўна кіраваць дзяржавай, у якой эканоміка прыходзіць у заняпад, вытворчасьць зьніжаецца, бо ў рэшце рэшт надыйдзе момант, калі ўсе рэсурсы будуць вычарпаныя, а Расея таксама ня зможа больш аказваць эканамічную дапамогу Беларусі. Цяперашняя ўлада мае міліцэйскія дубінкі, мае зброю, але яна ня мае эфэктыўных спосабаў кіраваньня, і ў гэтым сэнсе яна слабая».

На думку сп. Кшэменя, некалі прыйдзе момант, калі Лукашэнка або нехта зь ягонага атачэньня будзе вымушаны працягнуць руку апазыцыі. Усё астатняе залежыць ад яе самой.