Навіны 20 траўня 1999 г.

Галена Айзенштадт, Менск

З 24 па 26 траўня ў Менску павінна была адбыцца міжнародная канфэрэнцыя "Экалёгія. міграцыя. Злачыннасьць", якую ладзіў "савет рэспублікі" . Аднак яе перанесьлі - ніхто не адгукнуўся на запрашэньне ўзяць удзел у форуме.

"- Калі ў Югаславіі пажар - не зусім лягічна разьбірацца з такімі тэмамі", - так растлумачыў адмену канферэнцыі старшыня Міжнароднай камісіі "савету рэспублікі" Мікалай Чаргінец.

"Пажар у Югаславіі" доўжыцца ўжо амаль два месяцы, і калі б прычына адмены канфэрэнцыі была сапраўды зьвязаная з падзеямі на Балканах, дык каб загадзя пра гэта папярэдзіць - часу хапала б.

Аднак прэсавая канфэрэнцыя, на якой старшыня "савета рэспублікі" Павел Шыпук і Мікалай Чаргінец абвесьцілі пра адмену канфэрэнцыі ( яна быццам бы перанесена на непэўны тэрмін) адбылася толькі 19 траўня, літаральна за некалькі дзён да яе пачатку.

Відаць, ініцыятары і арганізатары канфэрэнцыі ( у гэтай ролі выступілі тыя самыя Шыпук з Чыргінцом) да апошняга дня спадзяваліся, што яна адбудзецца. Аднак заяўкі на ўдзел у ёй аказаліся такімі сьціплымі - у асноўным гэта расейскія і украінскія парлямэнтарыі - што мерапрыемства "не пацягнула" на ранг міжнароднага.

А яно плянавалася менавіта такім з удзелам у ім прэзыдэнта Беларусі.

Дарэчы, аб намеры правесьці ў Менску згаданую канфэрэнцыю Павел Шыпук заявіў яшчэ недзе ў сярэдзіне мінулага году на адным з паседжаньняў міжпарлямэнцкай асамблеі СНД у Санкт-Пяцербургу. Пазьней яго ініцыятыва была падтрыманая парляменцкім сходам саюзу Беларусі і Расеі. Аднак амаль адразу Швэцыя, Велікабрытанія і шмат іншых эўрапейскіх краінаў адмовіліся прыняць удзел у ёй.

Падвялі і расейцы: спачатку перанесьлі тэрмін сэсіі парляменцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі, якая нядаўна мелася адбыцца ў Гародні і на якой меркавалася прыняць рашэньне аб стварэньні адзінай саюзнай дзяржавы. А цяпер, у сувязі са зьменай ураду ў Расеі, ім і не да канферэнцыі - хапае спраў у сваёй краіне.

Не перашкаджала б, нарэшце, і беларускім палітыкам у першую чаргу займацца сваімі ўнутранымі справамі, а не замахвацца на вырашэньне міжнародных. Для гэтага яшчэ ў іх няма ні належнага ўплыву, ні аўтарытэту. Хто будзе паважаць краіну, у якой справы дрэнь, затое амбіцыі звыш галавы, што бачна з заяваў беларускага кіраўніцтва і дэпутатаў у падтрымку Мілошэвіча.

Трэба адзначыць, што адмена згаданай канфэрэнцыі — ня першая параза Менску. Вясной мінулага году тут была канфэрэнцыя па праблемах рэарганізацыі СНД, якой таксама надавалі статус міжнароднай і на якой з дакладам выступіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак ніводзін вядомы палітык і дзеяч, нават з краінаў садружнасьці, так і не адгукнуўся на запрашэньне Беларусі.