Навіны 11 траўня 1999 г.

Сёньня Міністэрства Юстыцыі Беларусі распаўсюдзіла чарговую заяву ў сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Мінюст, у прыватнасьці, пагражае забаронай партыям ды іншым грамадзкім арганізацыям, якія маюць дачыненьне да гэтых выбараў. У Беларускай Праваабарончай Канвэнцыі лічаць, што ўлады гатовыя перайсьці да адкрытых рэпрэсіяў.

У заяве Мінюсту пастанова Вярхоўнага Савету прызначыць выбары называецца незаконнай на той падставе, што гэты ворган, нібыта, дэ-юрэ не існуе. «Пастанова Цэнтарвыбаркаму аб правядзеньні датэрміновага галасаваньня з 6 па 15 траўня, выхад членаў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў на дом да грамадзянаў зьяўляецца грубейшым парушэньнем дзеючага заканадаўства».

Далей у заяве прыводзіцца сьпіс палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, якім Мінюст вынес пісьмовае папярэджаньне ў сувязі з удзелам у выбарах прэзыдэнта Беларусі. Гэта:

Беларускі Гельсынскі Камітэт;
Партыя Беларускага Народнага Фронту;
Беларуская Сялянская Партыя;
Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада;
Рэспубліканскі Фонд Падтрымкі Дэмакратычных Рэформаў імя Льва Сапегі;
Таварыства Беларускай Школы;
Беларускі Жаночы Рух Адраджэньня Айчыны;
Усебеларускі Клюб Выбаршчыкаў;
Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя "Народная Грамада";
Беларуская Нацыянальная Партыя;
Свабодны Прафсаюз Беларускі;
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны;
Аб'яднаная Дэмакратычная Партыя.

На заканчэньне Мінюст паведамляе, што папярэджаньне можа быць падставай для адмовы ў перарэгістрацыі партыяў ці грамадзкіх аб'яднаньняў.

Цікава, што акурат тыдзень таму прэсавая служба Мінюсту распаўсюдзіла заяву, у якой сьцьвярджалася, быццам вядомы прэзыдэнцкі Дэкрэт №2 ад 26 студзеня 1999 году не зьяўляецца перашкодай для перарэгістрацыі партыяў і арганізацыяў. Да пачатку траўня Мінюстам былі зарэгістраваныя 42 аб'яднаньні і перарэгістраваныя 39, сярод якіх 22 прафсаюзы, што, на думку чыноўнікаў міністэрства, сьведчыць аб плюралізме ўладаў. Сотням іншых няўрадавых арганізацыяў, як сталася відавочна, пагражае ліквідацыя, калі яны ня пройдуць перарэгістрацыю да 1 ліпеня.

Нагадаем, што толькі Асамблея Няўрадавых Арганізацыяў Беларусі налічвае звыш пяціста аб'яднаньняў, а ўсяго пакуль дзейнічае каля дзьвюх тысячаў грамадзкіх арганізацыяў. На думку старшыні назіральнае рады Беларускай Праваабарончай Канвэнцыі Аляксандра Патупы, сёньняшняя заява Мінюсту зьяўляецца чарговым выклікам міжнароднай супольнасьці і нормам цывілізацыі. У інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Патупа зьвярнуў асаблівую ўвагу на пагрозу ў адрас Беларускага Гельсынскага Камітэту.

(Патупа:) "Забарона рэгістрацыі – гэта ход супраціву ўсёй усясьветнай грамадзкасьці. Праваабарончыя функцыі заўсёды будуць існаваць. Гэта – патрэба грамадзкасьці. Мы ведаем часы савецкай імпэрыі, калі існавалі праваабарончыя групы без усякай рэгістрацыі акрамя як у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі, які кантраляваў гэтую дзейнасьць і арыштоўваў…"

Чарговыя пагрозы ўладаў на адрас грамадзкіх аб'яднаньняў і іхных лідэраў, а таксама простых грамадзянаў Аляксандар Патупа зьвязвае з агульнай атмасфэрай, якая ўсталёўваецца ў Беларусі.

(Патупа:) "У краіне выразна павеяла тэрорам. Пахам эскадронаў сьмерці. Гэта паўднёваамэрыканскі тэрмін — los escadrones de la muerte. Калі шматлікія факты зьбіцьця Юрыя Хашчавацкага, Анатоля Лябедзькі, Галіны Дракахруст, Славаміра Адамовіча ды шмат каго яшчэ можна яшчэ, хоць і зь цяжкасьцю, лічыць праявамі палітычнага хуліганства, дык зьнікненьне Тамары Віньнікавай і аднаго зь ейных сыноў, раптоўная сьмерць Генадзя Карпенкі і зьнікненьне Юрыя Захаранкі – ёсьць нечым іншым. Здаецца па нас прыйшлі, спадарыні і спадары".

Разам з тым Аляксандар Патупа дадаў, што кожны крок уладаў супраць цывілізацыі і правоў чалавека ў канчатковым выніку толькі набліжае крах рэжыму.

Віталь Тарас, Менск