Навіны 21 красавіка 1999 г.

Уладзімер Глод, Менск

Статут Нацыянальнага Выканаўчага камітэту прадугледжвае, што Cтаршыня гэтай арганізацыі абіраецца на агульным сходзе дэпутатаў Вярхоўнага Савета Х111 скліканьня. Таму 21 красавіка аб замене нябожчыка Карпенкі размову можна было весьці толькі ў рэчышчы часова выконваючага абавязкі Старшыні.

Як вядома, ёсьць два намесьнікі - Станіслаў Багданкевіч і Мечыслаў Грыб. Галасаваньня па абраньню аднаго зь іх часовым кіраўніком ня было. Усі пагадзіліся з прапановай Багданкевіча, каб функцыі Старшыні пакуль што выконваў Мечыслаў Грыб. Апошняе слова, як мы казалі будзе за Вярхоўным Саветам.

Між тым Генадзь Карпенка, як Старшыня Выканаўчага Нацыянальнага камітэту, уваходзіў і ў Каардынацыйную Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму другім пытаньнем было - хто яго зьменіць. Вырашылі, што прадстаўніком Нацыянальнага выканаўчага камітэту ў Радзе будзе Міхаіл Чыгір. І хаця ўслых пра гэта не казалася, але ўсе разумеюць: такое прызначэньне невыпадковае. Яно дае шанец былому прэм'еру рэальнага ўраду ўзначаліць "ценевы ўрад". Дарэчы, Нацыянальны Выканаўчы камітэт прыняў сёньня заяву, у якой канстатуецца, што арышт Міхаіла Чыгіра з'яўляецца палітычнай, а не юрыдычнай акцыяй. У заяве патрабуецца неадкладна вызваліць палітвязьня.

Ня сёняшнім паседжаньні ягоныя ўдзельнікі зьвярнуліся да законапраекту аб альтэрнатыўнай вайсковай службе. Упершыню яго разглядалі на папярэднім паседжаньні. Сёньня ж былі абмеркаваныя шэраг прапановаў і заўвагаў да будучага закону. Але перш-наперш было падкрэсьлена, што пацыфіст сёньня ў Беларусі знаходзіцца ў бяспраўным стане. Калі юнак адмаўляецца праходзіць абавязковую вайсковую службу, яго прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. А паколькі ў армію пасынаюць прызываць у 18 год, а заканчваюць у 27, дык за дзевяць гадоў адзін і той жа малады чалавек можа за адну і тую ж справу адседзіць за кратамі некалькі разоў.

З прапанаваных заўвагаў найбольш цікавымі выглядалі наступныя. Калі абавязковая вайскрвая служба прадугледжэвае тэрмін знаходжаньня ў арміі 18 месяцаў, дык для тых - хто абірае альтэрнатыўную, законапраект прадугледжвае аж тры гады службы. Шмат хто лічыць, што прапорцыя "адзін да двух" павінная быць зьменшаная. Албо такі акцэнт: ёсьць думка, што ўмоўнае адтэрмінаваньне для абодвух службаў павінная быць аднолькавая. Інакш алтэрнатыўная служба будзе выглядаць як зьнявага і прыніжэньне асобы.

Прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў лічаць, што калі будучы закон прадугледжвае зрабіць магчымым пераход з вайсковай службы на альтэрнатыўную, дык трэба даць і адваротную магчымасьць.

Пасьля дыскусіі сябры Нацыянальнага Выканаўчага камітэту вырашылі, з улікам заўвагаў, яшчэ раз дапрацаваць законапраект, пасьля чаго надрукаваць яго ў сродках масавай інфармацыі.