Навіны 19 красавіка 1999 г.

Сёньня газэта New York Times зьмясьціла артыкул, прысьвечаны плянам саюзу Беларусі, Расеі і Югаславіі.

Лічыцца, што палітыка зводзіць у адным ложку розных партнэраў. Але ёсьць яшчэ такая зьява, як расейская палітыка, якая, выглядае, рашуча настроеная дайсьці да поўнага вычварэньня: жыцьцё утрох Расеі, Беларусі і Югаславіі, калі ў адным ложку апынаюцца хісткая дэмакратыя, дыктатура савецкага кшталту і міжнародны парыя, які да таго ж аддзелены ад першых двух партнэраў трыма межамі.

Не мінула і тыдня пасьля таго, як прэзыдэнт Мілошавіч прапанаваў далучыцца да Саюзу Беларусі і Расеі, як расейская Дума у мінулую пятніцу 293 галасамі за і 54 супраць ухваліла менавіта такі шлюб нацыяў. Эксцэнтрычны беларускі "багатыр" прэзыдэнт Лукашэнка быў у Бялгарадзе у сераду і дамаўляўся з Мілошавічам наконт уступленьня ў сувязь. Расейскія камуністы сьвяткавалі. Аднак барабанны пошчак з нагоды саюзу з Югаславіяў ёсьць прадметам унутранай, а не вонкавай расейскай палітыкі.

У кантэксце адчаю і бездапаможнасьці, якія вызначаюць сёньняшнюю расейскую палітыку — адчаю з прычыны расейскай мізэрнасьці і заходняй перавагі, і раззлаванасьці з прычыны немагчымасьці што-небудзь гэтаму супрацьпаставіць — абмеркаваньне саюзу з Беларусьсю і Югаславіяй выглядае як сапраўды добрая стратэгія.

"Гэта як дэманстрацыя ля амэрыканскай амбасады — яна сьведчаць не пра імкненьне большасьці расейцаў уступіць у канфлікт з Захадам, а пра рэшткі імпэрскіх пачуцьцяў", — прыводзіць New York Times меркаваньнее аднаго з расейскіх палітолягаў. Расейскім камуністам і звышнацыяналістам югаслаўская тэма можа дапамагчы на будучыцх выбарах у думу — перадвыбарчая кампанія ўжо пачынаецца. Ідэя страчанай расейскай славы паўстае і у сёньняшніх намаганьня думы, і у спробе абвясьціць імпічмэнт Ельцыну.

У Беларусі сёлетнія выбары скасаваныя, дзякуючы новай канстытуцыі, якую Лукашэнка прапхнуў на рэфэрэндуме — шырока прызнана, што ягоныя вынікі сфальсіфікаваныя. Аднак ад самага пачатку ён будаваў сваю палітыку на тым, што трэба аднавіць былую савецкую магутнасьць, каб супрацьстаяць Захаду. Ад мінулага году , калі беларуская плянавая эканоміка ляснулася, Лукашэнка усё больш скарыстоўваў Захад у якасьці вінаватага у праблемах краіны, і прапаноўваў аднаўленьне Савецкага Саюзу ў якасьці выйсьця.

Аднак, нягледзячы на шырокую папулярнасьць уз"яднаньня з Беларусьсю , справа пакуль амаль не прасунулася наперад. Часткова з тае прычыны, што Расея занадта заклапочаная сваімі ўласнымі праблемамі, каб паглынуць яшчэ 10 мільёнаў жыхароў Беларусі, якія знаходзяцца яшчэ ў горшым эканамічным стане. А часткова з тае прычыны, што ні лягер Ельцына, ні камуністы з нацыяналістамі ня хочуць мець у якасьці суперніка на выбарах харызматычнага і хітрага Лукашэнку.

Майкл Уэйнз, аўтар артыкулу у сёньняшнім выпуску New York Times далей аналізуе пэрспэктывы беларуска-расейска-югслаўскага саюзу. Паводле аднаго з апытаньняў, 71% расейцаў падтрымліваюць ідэю заключэнья траістага саюзу. Аднак хаця Ельцын таксама выказаўся ў падтрымку, ягоныя дарадцы пазьней пасьпяшаліся абвясьціць саюз недачасным і нават памылковым, бо ён можа прывесьці да трэцяй сусьветнай вайны. Аналітыкі зьвяртаюць увагу на прблемы, якія пан-славянскі саюз ставіць перад самімі расейцамі: 20 мільёнаў расейскіх мусульманаў могуць расцаніць славянскае адзінства зусім ня так, як патрыях Алексій, які называе саюз вялікам цудам і гарантыяй духоўнай перамогі.

Артыкул у New York Times сканчаецца папярэджаньнем Рыгора Яўлінскага наконт беларуска-расейска-югаслаўскага саюзу: упершыню ў гісторыі такі саюз адкрывае магчымасьць для сапраўднай ваеннай канфрантацыі паміж вядучымі ядзернымі дзяржавамі. "Найгорашае, што можа зрабіць Расея — на вар"яцтва адказаць вар"яцтвам", прыводзіць New York Times словы Яўлінскага.