Навіны 13 красавіка 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Кіраўску Магілеўскай вобласьці набліжаецца да завяршэньня судовы працэс над Васілём Старавойтавым. Ня выключана аднак, што дадатковым вынікам працэсу стане суд над адвакатам Ставаройтава Верай Страмкоўскай.

Сярод апошніх навінаў з Кіраўску, дзе вось ужо пяты месяц судзяць былога старшыню акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васіля Ставаройтава, найбольш цікавае — гэта чарговая атака з боку сьледчых на адвакатку Ставаройтава Веру Страмкоўскую. Днямі ёй паведамілі, што ў Кіраўскай пракуратуры распачатая крымінальная справа, у якой яна можа фігураваць у якасьці абвінавачванай. Супрацоўнік пракуратуры паспрабаваў нават узяць тлумачэньне ад Страмкоўскай, але яна адмовілася адказваць на пытаньні, якія тычацца справы Ставаройтава. Гэтае адмовы патрабуе ад яе Закон аб адвакатуры і адвакацкая этыка.

Вера Страмкоўская кажа, што распачатая, магчыма, супраць яе справа непасрэдна тычыцца справы Ставаройтава і судовага працэсу над ім. Адвакатка падае гэткія факты. Яшчэ пазалетась, калі толькі пачыналася расьсьледаваньне ў славутым расьсьвеце, была апісаная ўся хатняя маёмасьць старшыні гаспадаркі Васіля Ставаройтава, у тым ліку і 40 бутэлек дарагога каньяку «Белы бусел», які калісьці Ставаройтаў прывёз з Малдовы. Аднак неўзабаве гэты каньяк сьледчыя з хаты зьвезьлі — быццам бы на склад рэчавых доказаў пры раённым аддзяленьні міліцыі. Месяц таму адвакат Страмкоўская на працэсе зьвярнулася да судзьдзі Надзеі Чмары з просьбай праверыць — як захоўваецца арыштаваная маёмасьць Ставаройтава, у тым ліку і марачны каньяк. Страмкоўская спаслалася на зьвесткі, згодна зь якімі падобны каньяк расьпівалі сьледчыя на дзень нараджэньня кіраўніка сьледчай брыгады Аляксандра Смаленцава. Судзьдзя Чмара абяцала разабрацца. З таго дня прайшло дастаткова часу, але адказу Страмкоўская на свой запыт дагэтуль не атрымала.

Затое ў Кіраўскай пракуратуры, як ёй стала вядома, распачатая справа паводле артыкулу 128 — «паклёп». У гэтым злачынстве Страмкоўскую абвінавачвае кіраўнік сьледчай брыгады Аляксандар Смаленцаў. Калі справа дойдзе да суду і Страмкоўская будзе прызнаная вінаватай, ёй пагражае да 5 гадоў турмы. Між тым адвакатка заяўляе, што яна не сьцьвярджала ў судзе, быццам менавіта сьледчы Смаленцаў і ягоныя калегі пілі менавіта той самы каньяк, які належаў калісьці Ставаройтаву. Страмкоўская тлумачыць: «Я прасіла толькі разабрацца ў гэтым пытаньні. 40 бутэлек дарагога марачнага каньяку каштуюць больш за 100 мільёнаў. Калі суд прызнае Ставаройтава вінаватым і прысудзіць яго да кампэнсацыі грашовых стратаў, гэтыя 100 мільёнаў паступяць на рахунак дзяржавы. Але вярнуць грошы будзе немагчыма, калі маёмасьць яшчэ да прысуду раскрадуць», — справядліва заўважае адвакатка Страмкоўская. Яна выказвае перакананьне, што ў сьледчых Кіраўскай пракуратуры ўсё ж хопіць прафэсіяналізму не займацца беспэрспэктыўнымі справамі і не ствараць перашкодам удзельнікам кіраўскага працэсу над Васілём Ставаройтавым.

Між тым сам працэс набліжаецца да завяршэньня. Пройдзе яшчэ пару дзён, і будзе завершаная самая галоўная частка працэсу — судовае расьсьледаваньне. Потым удзельнікі возьмуць тайм-аўт, на працягу якога да выніковых выступаў падрыхтуюцца пракурор, адвакаты і абвінавачваныя. Пасьля судовых спрэчак, звычайна зь перапынкам у некалькі дзён, прагучыць прысуд. Адбудзецца гэта, як мяркуе Страмкоўская, недзе ў траўні.

Спрагназаваць прысуд Страмкоўская не бярэцца. Яна адзначае, што ейны падабаронны выказвае ўсё менш інтарэсу да таго, як ідзе працэс і які будзе яго вынік. «Ставаройтаў кажа, што ён сьмяротна стаміўся, стаміўся і маральна, і фізычна. Ён працягвае бесьперапынна кашляць і фактычна стаў глухі на адно вуха. Здаецца, цяпер ён марыць толькі пра тое, каб усё хутчэй скончылася», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі адвакат Вера Страмкоўская.