Навіны 09 красавіка 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Другі этап перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі - агітацыя за кандыдатаў - фармальна распачаўся 1 красавіка, на наступны дзень, каля Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Агітацыя адбываецца ва ўмовах, калі кандыдат у Прэзыдэнты Міхаіл Чыгір утрымліваецца за кратамі, а кандыдат у Прэзыдэнты Зянон Пазьняк - у эміграцыі. Асноўны цяжар агітацыйнай кампаніі, а менавіта ў гэтым сэнс другога этапу, кладзецца на кіраўнікоў перадвыбарчых штабоў кандыдатаў - Сяргея Папкова і Васіля Шлындзікава.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Чыгіра Васіль Шлындзікаў паведаміў нашаму радыё:

(Шлындзікаў:) "Я жадаў бы выказаць падзяку ўладзе, якая якая робіць усё магчымае дзеля таго, каб кандыдата ў Прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра раскруціць найлепшым чынам. Я мяркую, што сам арышт Міхаіла Мікалаевіча - найлепшая агітацыйная прапаганда за нашага кандыдата. Што тычыцца нашай працы ў агітацыйнай кампаніі, дык у свой час былі створаныя групы асобаў, якія вядуць прапагандысцкую працу. Мы шчыльна працуем з палітычнымі партыямі, якія распрацавалі свае адмысловыя праграмы. Пад час мітынгу 15 красавіка, які робяць прафсаюзы, а таксама падчас "Чарнобыльскага шляху", будзе гучаць імя Чыгіра. 12 травеня сацыял-дэмакраты ладзяць адмысловую акцыю - мітынг у падтрымку Чыгіра. У першую чаргу мы супрацоўнічаем з сацыял-дэмакратычнымі партыямі Статкевіча і Шушкевіча, Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, Сялянскай партыяй. А сёньня ёсьць усе падставы казаць пра тое, што атрымаем падтрымку і Лібэральна-дэмакратычнай партыі".

Кіраўнік штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў лічыць, што яшчэ не завяршыўся першы этап кампаніі - збор і падлік подпісаў за вылучэньне кандыдатаў.

(Папкоў:) "На сёняшні дзень павінна быць створаная група давераных асобаў, павінна быць распрацаваная тэхнялёгія агітацыйнай кампаніі ў бліжэйшыя дні. Але пакуль, на сёняшні дзень, мы яшчэ займаемся ўдакладненьнем лічбаў па збору подпісаў. У нас ёсьць вялікія сумненьні ў дакладнасьці гэтых лічбаў. Мы ведаем сваю лічбу, у нас прыкладна 115 000 подпісаў, у нашага канкурэнта, другога кандыдата, няма 100 000. Мы падалі афіцыйную скаргу на Старшыню ЦВК спадара Ганчара, у тым сэнсе, што нам не даюць да сёняшняга дня ўсю інфармацыю, неабходную для ўдакладненьня гэтых сьпісаў па Менску і Гомельскай вобласьці. Вось асноўнае - засталіся "белыя плямы".

(Карманаў:) Спадар Папкоў, ці не выключаеце Вы варыянту, пры якім застаецца адзін кандыдат у Прэзыдэнты - Зянон Пазьняк?

(Папкоў:) "Мы не выключаем такую сытуацыю, што застанецца адзін кандыдат, і гэта нармальная з'ява, каб людзі зарыентаваліся і аддалі перавагу. Гэта законная і нармальная з'ява".

Арбітрам у гэтай сытуацыі з'яўляецца Цэнтравыбаркам. Старшыня ЦВК Віктар Ганчар лічыць, што зараз штабы кандыдатаў павінныя сканцэнтраваць намаганьні не на ўзаемных прэтэнзыях і кампраментаваньні адзін аднаго, а на агітацыйнай кампаніі за кандыдатаў сярод народа.