Адрыян Севярын, былы міністр замежных справаў Румыніі, а зараз сябра парламэнцкай асамблеі АБСЭ, які узначаліў рабочую групу па Беларусі гэтай уплывовай арганізацыі, правёў у Менску прэсавую канфэрэнцыю. Ён прыляцеў у Менск у ноч на 3 красавіка, і ў суботу сустракаўся з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета Х111 скліканьня, а таксама са старшынёй афіцыйнага цэнтарвыбаркаму спадарыняй Ярмошынай. Пасьля гэтага спадар Севярын меў яшчэ мноства сустрэчаў, зь якіх ён сяньня вылучыў дзьве: са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Віктарам Ганчаром і прадстаўнікамі беларускіх прафсаюзаў. Афіцыйная мэта спадара Севярына ў цяперашняй паездцы на Беларусь - вызначыцца з тым, як праходзілі выбары ў мясцовыя саветы. Але паколькі вычарпальны камэнтар на гэтую тэму даў спадар Вік, кіраўнік рабочай групы па Беларусі пагадзіўся паразмаўляць на іншую тэму - а менавіта пра палітычную сытуацыю ў нашай краіне ўвогуле і аб прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных на 16 травеня. Спадар Севярын патлумачыў: ніякай афіцыйнай заявы па Беларусі парлямэнцкая асамблея АБСЭ
не рабіла. (Севярын:) "Неабходна правесьці кансультацыі зь дзяржавамі, якія ўваходзяць у АБСЭ, каб дасягнуць хаця б мінімальнай згоды". Зразумела, што ў мяне адразу ўзьнікла пытаньне: як жа тады тлумачыць вядомае выказваньне намесьніка кіраўніка кансультатыўнай групы АБСЭ ў Менску спадара Кляйнера, які заявіў, што АБСЭ, хуічэй за ўсё, не прызнае прэзыдэнцкія выбары легітымнымі. (Севярын:) "Гэта вельмі тэарэтычная заява. На маю думку, ён спрабаваў патлумачыць некаторыя вядучыя прынцыпы, на якіх палягаюць міжнародныя зносіны". Вельмі важным было высьветліць, якой місіяй - аналітычнай альбо палітычнай - будзе прадстаўленая на прэзыдэнцкіх выбарах 16 травеня парлямэнцкая асамблея АБСЭ. (Севярын:) "Гэта палітычная місія, мы прадстаўляем палітычную арганізацыю. якой з'яўляецца парлямэнцкая асамблея АБСЭ. Нашая мэта спрыяць і, калі гэта магчыма, накіроўваць палітычны дыялёг для разьвіцьця палітычных працэсаў ў Беларусі". спадар Севярын паведаміў, што рабочая група абавязкова наведае ў травені Менск, прычым некалькі разоў.