Навіны 25 сакавіка 1999 г.

Казімір Яноўскі, Жыткавічы

Сёньня прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка на верталёце зрабіў аблёт затопленых палескіх паселішчаў і скрытыкаваў прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча за адарванасьць ад жыцьця.

Прызямліўся прэзыдэнтаў верталёт у вёсцы Хлупін Жыткавіцкага раёну. Выбар, як здаецца, быў невыпадковы — агракомплекс «Хлупін» належыць да Прыпяцкага нацыянальнага запаведніку, які ўваходзіць у структуру кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

Якраз напярэдадні Іван Ціцянкоў выдаў Хлупінскаму агракомплексу 3 мільярды рублёў дапамогі на выплату сялянам заробку, на прыдбаньне высокіх гумовых ботаў — па пары на затоплены дом. У мясцовую краму, дзе таксама стаіць вада, завезьлі нават 40 кіляграмаў масла. Яго ахвотна куплялі нават журналісты, ня маючы магчымасьці набыць яго ў вялікіх гарадох.

Што ж тычыцца паводкі, якая затапіла ўсе паўтары сотні хлупінскіх хатаў, дык прэзыдэнт раіў гэткае: «Асабліва вы не перажывайце, не такая ўжо тут вялікая трагедыя». Прэзыдэнт абяцаў дапамогу. Гэта, паводле ягоных словаў, у Расеі не дапамагаюць — там людзі замярзаюць. А Хлупіну дапаможам. Тым больш, што ён бліжэй да прэзыдэнта.

Адзінае, чаго прэзыдэнт не абяцаў — гэта адкачаць ваду. Ад вады — не такой ужо вялікай трагедыі — Аляксандар Лукашэнка пераключыўся да югаслаўскіх падзеяў.

(Лукашэнка:) «Мінулую ноч ня спаў, гэтую, гляджу на нашых сэрбаў-югаславаў, братоў нашых — вось гэта самае страшнае. Я ведаю гэтага прэзыдэнта. Добры чалавек Мілошавіч. Праўда, не ад зямлі. Што такое чалавек прафэсар? Што такое чалавек, які ня ведае вытворчасьці, жыцьця? Ён хоча дапамагчы людзям, абараніць іх — а няма чым».

У адрозьненьне ад прэзыдэнта Югаславіі, прэзыдэнту Беларусі ёсьць чым дапамагчы Хлупіну. Тым болей, што кіраўнік ягонымі справамі быў побач. Праўда, на ўсе вёскі, затопленыя на Палесьсі, і Ціцянкова не хапае.