Навіны 24 лютага 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Скасаваньне абмежаваньняў на ўезд высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў начале з прэзыдэнтам краіны сталася ўжо другім крокам пасьля вяртаньня эўрапейскіх амбасадараў у Менск. Аднак у адказ з боку Лукашэнкі гучаць яшчэ больш агрэсыўныя выказваньні на адрас Захаду. Пра гэта з міжнародным кардынатарам "Хартыі-97" Андрэям Саньнікавым гутарыць наш карэспандэнт (эфір 23 лютага).

Паводле афіцыйнай дамоўленасьці, паміж прадстаўніцтвам ЭС і міністрам замежных справаў Беларусі, падпісанай напрыканцы мінулага году, амбасадары заходнеэўрапейскіх краінаў абавязаліся цалкам вызваліць свае рэзыдэнцыі ў Драздах да сярэдзіны лютага. Са свайго боку, кіраўніцтва Беларусі абаяцала вырашыць праблему кампэнсацыі выдаткаў у сувязі з вымушаным перасяленьнем замежных дырляматаў. Аднак, хаця ўсе замежныя дыпляматы ўжо пераехалі на новыя кватэры, двухбаковыя перамовы аб кампэнсацыі і не пачыналіся. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка заявіў нядаўна, што "вялікія дзяржавы", на ягоную думку, ня маюць права нават падымаць пытаньне аб кампэнсацыі з боку Беларусі.

Акрамя таго, у апошнія дні, у прыватнасьці, у інтэрвью іранскаму тэлебачаньню, Лукашэнка зрабіў некалькі новых заяваў, насычаных антыамэрыканскай, антызаходняй ваяўнічай рыторыкай.

Ці можна, зважаючы на гэта, казаць, што кіраўніцтва Беларусі сапраўды заwікаўленае ў пляпшэньні адносінаў з Захадам? І якая можа быць у далейшым рэакцыя Эўропы?

(Саньнікаў:) "Вяртаньне амбасадараў і цяперашняя адмена гэтага сьпісу афіцыйных асобаў Беларусі, якім быў забаронены ўезд у Заходнюю Эўропу — гэта яшчэ не нармалізацыя адносінаў з Захадам, таму што пазыцыя Эўрапейскага Саюзу, Эўрапарламэнту, Рады Эўропы пакуль што не зьмянілася. Мы ведаем, што на Беларусь прыязжала місія Парламэнцкай асамблеі Рады Эўропы, і яны ўпершыню сустракаліся з прадстаўнікамі так званага парламэнту Лукашэнкі — "верхняй" і "ніжняй" "палатамі", І нават гэтая місія, якая імкнулася знайсьці нешта пазытыўнае, нічога не знайшла, і зараз пазыцыя Рады Эўропы не зьмянілася".

20 ліпеня завяршаецца тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 г. Паводле непацьверджанай пакуль інфармацыі з замежных дыпляматычных крыніцаў, пасьля гэтай даты могуць адбыцца пэўныя зьмены ў адносінах да выканаўчае ўлады Беларусі. У прыватнасьці, разглядаецца варыянт, згодна зь якім дыпляматычныя пашпарты афіцыйных асобаў зь Беларусі будуць лічыцца ў краінах заходняе Эўропы несапраўднымі.

(Саньнікаў:) "Зараз яшчэ немагчыма сказаць, як будзе паводзіць сябе Захад, і статус пашпартоў дыпляматычных ці агульнаграмадзянскіх будзе залежыць ад таго рашэньня, якое будзе прынята заходнімі дэмакратычнымі краінамі. Я ведаю, што зараз гэта абмяркоўваецца, і ёсьць вельмі моцныя юрыдычныя падставы дзеля таго, каб прызнаць прэзыдэнта Беларусі нелегітымным пасьля 20 ліпеня 1999 году. А калі будзе такое рашэньне — гэта будзе азначаць, што становішча Беларусі ня толькі ў двухбаковых адносінах з пэўнымі краінамі дэмакратычнымі зьменіцца, але і становішча ў міжнародных арганізацыях, бо краіну павінны прадстаўляць легітымныя ўлады. І тады можа дайсьці і да адкліканьня амбасадараў з замежных краінаў, непрызнаньня амбасадараў Беларусі замежнымі краінамі".

Пакуль што пазыцыя Захаду ў адносінах да Беларусі выглядае дваістай. Напрыклад, нягледзячы на тое, што новы Закон аб выбарах у мясцовыя ўлады Беларусі, паводле міжнароднага заключэньня, не адпавядае элемэнтарным дэмакратычным нормам, місія АБСЕ ў Менску сам факт правядзеньня мясцовых выбараў 4 красавіка прымае як належнае.

(Саньнікаў:) "Гэтае заключэньне рабіла місія АБСЭ, і як было падкрэсьлена пад час сустрэчы з Парламанцкай Асамблеяй, рашэньне на сто адсоткаў было адмоўным. І ў гэты час місія АБСЭ ўскосна спрыяе правядзеньню выбараў, таму што яны лічаць, што ёсьць пэўныя магчымасьці для дэмакратаў у мясцовых выбарах. Але тут ёсьць і іншае. Нягледзячы на ўсе намаганьні дэмакратычных краінаў і такіх арганізацыяў, як Рада Эўропы, Эўрапейскі Саюз, АБСЭ, ніяк ня могуць зразумець, што шляхам "малых справаў" гэтую праблему ня вырашыць. Таму што Лукашэнка ўмацоўвае аўтарытарную сваю ўладу, і зараз яна пераўтвараецца ў дыктатарскую. Эўрапейскі Саюз жадаў бы бачыць нейкія жэсты з боку Лукашэнкі на пачатак дыялёгу, яны заўсёды пакідаюць шанец. Але калі рэжым не зьменіць свой падыход да разьвіцьця грамадзтва, усе намаганьні нешта зрабіць не дадуць ніякага плёну".