Навіны 17 лютага 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Сёньня адбылася прэсавая канфэрэнцыя галоўных рэдактараў незалежных менскіх газэтаў, якія напярэдадні атрымалі папярэджаньні Дзяржкамдруку. Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што газэты па-ранейшаму будуць інфармаваць грамадзтва пра найгалаўнейшыя падзеі, у тым ліку пра ўсё, што тычыцца выбараў.

У прэсавай канфэрэнцыі, скліканай пры падтрымцы Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, узялі ўдзел галоўны рэдактар «Белорусской Деловой Газеты» Пятро Марцаў, галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч, выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «Навіны» Павал Жук і намесьнік галоўнага рэдактара тыднёвіка «Свободные Новости», віцэ-прэзыдэнт БАЖ Аляксандар Тамковіч.

Названым выданьням, а таксама гарадзенскай газэце «Пагоня» і газэце «Наша Ніва» адначасова былі вынесеныя папярэджаньні ў тым, што яны нібыта незаконна друкуюць дакумэнты Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта, сярод якіх - аб'ява пра дату выбараў 16 траўня. Як выявілася, некаторыя выданьні атрымалі папярэджаньне праз пошту на мінулым тыдні, некаторыя - толькі сёньня.

Пятро Марцаў нагадаў, што Вярхоўны Савет XIII скліканьня, які прызначыў выбары, ніхто не распускаў, і дэпутатаў гэтага заканадаўчага воргану ўлады ніхто не пазбаўляў іхных паўнамоцтваў. З другога боку, у кожнай сытуацыі газэта абавязана інфармаваць сваіх чытачоў пра тое, што адбываецца ў краіне. Менавіта таму, заявіў Марцаў, «БДГ» ды іншыя незалежныя газэты...

(Марцаў:) «... публікавалі, публікуюць і будуць публікаваць інфармацыю пра дзейнасьць як наяўнай улады - «палаты прадстаўнікоў» - так і Вярхоўнага Савету XIII скліканьня».

Абвінавачаньні газэтаў у закліках да захопу ўлады, на думку Марцава, настолькі беспадстаўныя, што не патрабуюць камэнтароў. Пятро Марцаў паведаміў таксама, што Дзяржкамдрук падрыхтаваў яшчэ пэрсанальнае папярэджаньне на адрас галоўнага рэдактара газэты «Имя» Ірыны Халіп у сувязі з артыкулам, дзе яна выказвае свой погляд на праблему выбараў у Беларусі.

Аляксандар Тамковіч зьвярнуў увагу прысутных на тое, што чарговы наступ на свабоду слова адбыўся на фоне супольнай калегіі Дзяржкамдруку Беларусі і аналягічнага расейскага ведамства ў Менску і аптымістычных заяваў кіраўнікоў гэтых ведамстваў пра стварэньне аднолькавых юрыдычных умоваў для дзеяньня СМІ.

Іосіф Сярэдзіч заявіў, што «Народная Воля» будзе абскарджваць папярэджаньне Дзяржкамдруку як незаконнае і адначасна газэта будзе рыхтавацца да самага непажаданага разьвіцьця падзеяў. Пры неабходнасьці, паводле словаў рэдактара, яна будзе друкавацца па-за межамі Беларусі.

Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара «Навінаў» Павал Жук заявіў карэспандэнту Радыё Свабода наступнае:

(Жук:) «Гэта ўжо ня першае папярэджаньне. 26 лютага будзе суд, на якім мы абскарджваем папярэджаньне Дзяржкамдруку. Гэта будзе ўжо другое папярэджаньне, але гэта папярэджаньне ў тым сэнсе, што мы заклікаем да гвалтоўнага захопу ўлады. Нічога гэткага й блізка няма, гэта проста выдумка сп. Падгайнага, і за гэта яму давядзецца сурова адказваць, таму што ня вечны Лукашэнка, ня вечныя тыя людзі, што прымушаюць дзяржаўных чыноўнікаў прымаць такія безадказныя рашэньні. Чалавек павінен прытрымлівацца толькі закону і свайго сумленьня. Ёсьць магчымасьць таго, што газэты могуць быць зачыненыя, але яны ўсё роўна будуць выпускацца. Можа быць, гэта будзе газэта пад іншай назвай, пад той, якую вы нават добра ведаеце - пад назвай «Свабода». Яна можа быць як нелегальнай газэтай, так і легальнай. У прынцыпе калектыў і кіраўніцтва газэты да гэтага гатовыя».

(Тарас:) І вы будзеце друкаваць аб'явы і іншыя дакумэнты, інфармацыю, якая датычыць выбараў?

(Жук:) «Мы будзем друкаваць усю інфармацыю, якую лічым цікавай, якая ўспрымаецца народам, якую патрабуе народ. А па-другое - яны нас абвінавацілі ў тым, што мы надрукавалі дакумэнты ЦэнтарВыбарКаму. Пра тое, што мы друкавалі аб'явы - у лісьце ня сказана. Так што аб'явы гэтыя мы друкаваяць будзем. Нам проста цікавая рэакцыя і ўладаў, і нашага грамадзтва на гэтую зьяву».

Разам з Паўлам Жуком аб намерах заставацца на ранейшых прынцыповых пазыцыях заявілі і іншыя ўдзельнікі сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.