Прэсавы сакратар «Хартыі-97» Алег Бябенін быў учора шпіталізаваны ў выніку траўмаў, атрыманых раней у сутыкненьні з баркашоўцамі. Тым часам у дэмакратычных партыях абмяркоўваюць магчымыя захады супрацьдзеяньня фашызму ў Беларусі. Нагадаем, што ў выніку суботняга нападу ў цэнтры Менску міжнародны каардынатар «Хартыі» Андрэй Саньнікаў і прэсавы сакратар Алег Бябенін былі вымушаныя зьвярнуцца па мэдычную дапамогу. У Саньнікава былі дыягназаваныя страсеньне мазгоў, пераломы носа і рабрыны, у Бябеніна - пашкоджаньні сьпіны. Абодва яны адмовіліся ад шпіталізацыі. Аднак у аўторак стан здароўя Бябеніна рэзка пагоршыўся, і цяпер ён знаходзіцца на абсьледаваньні ў нэйрахірургічным аддзяленьні 5-тай клінічнай лякарні Менску. Як вядома, у той самы дзень прэзыдэнт Лукашэнка ў сваім выступе на нарадзе вэртыкальнікаў ня толькі не асудзіў саму фашыстоўскую вылазку, але й дазволіў сабе зьневажальныя выпады ў бок пацярпелых, а таксама ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Сёньня старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію нашай радыёстанцыі асудзіў пазыцыю ўладаў, якія дапускаюць дзеяньні фашыстаў на тэрыторыі Беларусі. Ён у прыватнасьці заявіў: (Багданкевіч:) «Кіраўніцтва партыі абуранае таксама апошнімі выступленьнямі прэзыдэнта Лукашэнкі, які спрабуе параўнаць беларускую інтэлігенцыю з прарасейскімі фашыстамі. Гэта зьневажае пачуцьці беларускага грамадзяніна, беларускага інтэлігента. Гэта - хамскія заявы». Станіслаў Багданкевіч паведаміў таксама, што кіраўніцтва АГП сустракалася з актывістамі «Хартыі» і падтрымала ідэю грамадзкай маніфэстацыі, як і ўсе іншыя магчымыя дзеяньні супраць фашызму. Паводле словаў Багданкевіча, калі ўлады ня спыняць дзеяньняў «Русского Национального Единства», партыя падтрымае прапанову стварэньня групаў абароны грамадзянаў Беларусі ад сваволі фашыстаў. Адной зь першых асудзіла фашыстоўскую вылазку Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя «Народная Грамада». Лідэр партыі Мікалай Статкевіч даслаў з гэтай нагоды некалькі заяваў зь Нямеччыны, дзе ён сустракаўся з эўрапейскімі сацыял-дэмакратамі. Прэсавы сакратар «Народнай Грамады» Лявон Дзейка нагадаў у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода, што яшчэ ў верасьні летась партыя выступіла з рэзкім асуджэньнем фашызму і антысэмітызму ў сувязі з фактам апаганеньня надмагільных помнікаў у Барысаве. Ужо тады ў заяве БСДП гаварылася аб пагрозе з боку РНЕ ў Беларусі. Акрамя таго сп. Дзейка ад сябе асабіста заявіў пра апошнія падзеі наступнае: (Дзейка:) «Гэта, так сказаўшы, мэтастаз Лукашэнкавай палітыкі Drang nach Osten. Ён тут адчыніў браму для ўсяго таго, што й лезе сюды цяпер у Беларусь, у тым ліку і гэтыя «баркашаты». Я перакананы, што сур'ёзнай глебы для фашызму ў Беларусі няма. А з другога боку цяпер у Маскве нарэшце, можа, хутчэй з палітычных нейкіх меркаваньняў, у барацьбе паміж уплывовымі групоўкамі - раптам заўважылі, што там вырастае ўжо шматтысячная карычневая чума. Магчыма, гэта інсьпіравана з Масквы - каб паказаць чаму спрыяе сёньняшні беларускі рэжым - разьвіцьцю такіх самых баркашоўцаў, як і ў Расеі, як ягоныя саюзьнікі ў ягоных інтэграцыйных гульнях. Я не выключаю і такой палітычнай падаплёкі. Ну й вядома, добра было, каб у людзей была крыху больш актыўная грамадзянская пазыцыя. Бо заўсёды, я перакананы, усё пачынаецца зь беспакаранасьці. Я скажу груба і проста: сабака толькі палкі і баіцца. І з гэтай публікай трэба дзейнічаць адпаведнымі мэтадамі. А наконт правядзеньня антыфашыстоўскай дэманстрацыі - хацелася б, каб гэтае мерапрыемства адбылося менавіта надпартыйна. Паказаць, што, ў грамадзтве ёсьць людзі, якія не прымаюць фашызм».