Навіны 01 лютага 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Кіраўску на працэсе над Васілём Старавойтавым нарэшце абвешчаныя вынікі мэдыцынскай экспэртызы, праведзенай дзяржаўнымі спэцыялістамі па псыхіятрыі.

Напрыканцы сёньняшняга судовага паседжаньня на працэсе ў Кіраўску нарэшце былі абвешчаныя вынікі судова-мэдыцынскай экспэртызы, што была прызначаная Васілю Старавойтаву і праводзілася на працягу трох дзён літаральна ў залі суду.

Як і прадбачылі абаронцы Васіля Старавойтава, ён быў прызнаны псыхічна здаровым і здольным далей удзельнічаць у працэсе. Гэтак вырашылі магілеўскія псыхіятры Саўчанкаў, Бялянін і Клепель. «Далей працэс пойдзе пры адчыненых дзьвярах», - запэўніла судзьдзя Надзея Чмара.

Між тым адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская кажа, што абвешчаныя вынікі экспэртызы ніяк не мяняюць сутнасьці праблемы. Паводле назіраньняў Страмкоўскай, Старавойтаў і сёньня адчувае сябе вельмі дрэнна. Ягоныя паводзіны ў судзе адвакат называе ненатуральнымі.

Больш дакладна высьветліць, на якія хваробы скардзіцца Старавойтаў, адвакату не ўдалося. «У залу суду нас, адвакатаў, пускаюць толькі з дазволу судзьдзі - толькі, калі суд зойме свае месцы. У выніку мы ня маем магчымасьці перамовіцца нават словам з падабароннымі, а размовы падчас паседжаньняў забароненыя законам. Такія ўмовы не дазваляюць нам эфэктыўна выконваць свае абавязкі па абароне абвінавачваных», - падсумоўвае Вера Страмкоўская.

Паводле інфармацыі з Кіраўскага суду, допыт Васіля Старавойтава яшчэ не завершаны. Былы старшыня акцыйнага таварыства «Расьсьвет» працягвае адказваць на пытаньні ўдзельнікаў працэсу адносна сваёй гаспадарчай дзейнасьці.

І яшчэ адна вартая ўвагі навіна з суду. Сёньня ў Кіраўск прыехала другі сакратар Амбасады ЗША ў Беларусі Эн Карсэт. Аднак у першай палове дня ёй так і не ўдалося патрапіць на працэс, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.