Старшыня аргкамітэту па правядзеньні Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі Генадзь Карпенка яшчэ не пасьпеў вымавіць апошнія словы сваёй уступнай прамовы, як палац культуры літаральна выбухнуў славутым воклічам: «Жыве Беларусь!» Так надзвычай эмацыйна і ўзрушана ўдзельнікі форуму выказалі сваё стаўленьне да роднае краіны, якая нягледзячы на ўсе перашкоды будзе сувэрэннай і незалежнай. Адчуваючы гэты настрой, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які вітаў удзельнікаў кангрэсу, адразу ж выказаў шчырую павагу да ўсіх, хто няспынна працуе ў імя высакароднай мэты. Прамоўца казаў пра тое, як надзвычай цяжка сёньня жывецца простым людзям. Дайшло да таго, што некаторыя ўжо вымушаныя капацца на сьметніках, каб знайсьці што-небудзь прыдатнае для пражытку. Беларусы робяцца пасьмешышчам для жыхароў іншых краінаў. Усё часьцей можна пачуць: «Дык што, мы дойдзем да такога вар'яцтва як беларусы, якія адмаўляюцца ад ідэалаў свабоды, дзяржаўнай незалежнасьці?» Не! - падкрэсьліў народны паэт. Беларускі народ не адмаўляецца ад сувэрэнітэту і незалежнасьці. Проста пэўную частку людзей афіцыйныя ўлады зьбілі з панталыку. Яны праводзяць антынацыянальны курс, яны маюць нахабнасьць крычаць у твар дзесяцімільённаму народу: «Цябе няма!» Гэта яны хочуць аддаць нашую Радзіму другой краіне. Таму, на думку Ніла Гілевіча, галоўнае, што павінны зрабіць дэлегаты Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў - гэта абвесьціць: «Мы не дапусьцім катастрофы, мы не дапусьцім нацыянальнай трагедыі». Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі ў сваёй прамове падкрэсьліў, што цяпер як ніколі зьявіўся добры шанец для перамогі дэмакратыі. Сьпікер патлумачыў, што цяпер ёсьць спалучэньне трох фактараў. Па-першае, існуе й працуе вышэйшы легітымны заканадаўчы ворган - Вярхоўны Савет. Па-другое, як ніколі ўзрасла незадаволенасьць узроўнем жыцьця большасьці насельніцтва. І трэцяе - набліжаецца да завяршэньня тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але для перамогі гэтага мала. Мала таму, што надзвычай патрэбная яшчэ адна ўмова. Гэтая ўмова - яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў. Менавіта сыходзячы з гэтага сп. Шарэцкі і заклікаў прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў адмовіцца ад амбіцыяў і сканцэнтраваць усю ўвагу, усе намаганьні на правядзеньні выбараў прэзыдэнта Беларусі 16 траўня 1999 году. Кангрэс Дэмакратычных Сілаў выклікаў вялікі інтарэс. Сярод замежных гасьцей форуму ёсьць, напрыклад, дэпутаты Сойму Літвы Дрынгяліс і Шакалініс, дэпутаты Дзярждумы Расеі Баравой і Янкоўскі, былы віцэ-прэм'ер ураду Ўкраіны Ямец ды іншыя. У залі прысутнічаюць амбасадары Вялікабрытаніі Джэсіка Пірс, Чэхіі - Карэл Харанза і дыпляматы зь іншых краінаў. Тэлеграмы зь віншаваньнямі кангрэсу даслалі старшыня кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску амбасадар Ганс-Георг Вік і кіраўнік польскай «Салідарнасьці» Мар'ян Кшаклеўскі. На думку сп. Віка, Кангрэс Дэмакратычных Сілаў - гэта вынік штораз большай дэмакратычнасьці беларускага грамадзтва. А сп. Кшаклеўскі лічыць, што дэмакратычная Беларусь была б вельмі важным партнэрам дэмакратычнай Польшчы і аб'яднанай Эўропы. У прэсавым цэнтры зарэгістраваліся 82 журналісты. Адразу пасьля выступу трох галоўных прамоўцаў - Шарэцкага, Карпенкі й Пастухова - адбылася прэсавая канфэрэнцыя.