Навіны 27 студзеня 1999 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Узяць удзел у сёньняшнім прафсаюзным мітынгу ля Палаца Спорту вырашыў і Свабодны прафсаюз Беларусі.

Роўна ў 16.30 калёна Свабоднага прафсаюзу мэталістаў рушыла ад прахадной трактарнага заводу. Паводле ацэнак удзельнікаў шэсьця да Палаца Спорту, іх у гэтай калёне сабралася каля 800 чалавек. Што да колькасьці, то, здаецца, ня спраўдзіліся папярэднія прагнозы. Напрыклад, міліцэйскае начальства, якое напярэдадні было апавешчанае аб атрыманьні свабодным прафсаюзам афіцыйнага дазволу на шэсьце, прагназавала, што каля МТЗ зьбярэцца 1000 чалавек.

Самі ж арганізатары, калі падавалі заяўку ў гарвыканкам, разьлічвалі на ўдзел каля 5000 чалавек. Такія разыходжаньні тлумачыліся наступнымі абставінамі. У Свабодным прафсаюзе мэталістаў Беларусі 3000 сяброў. Усе яны працуюць на трох найбуйнейшых прадпрыемствах сталіцы - МАЗе, МТЗ і маторным заводзе. Калі ўлічыць, што гэтыя прадпрыемствы працуюць у дзьве зьмены, то, паводле меркаваньня супрацоўнікаў МУС, ля прахадной трактарнага заводу павінна было сабрацца ня болей за палову сяброў свабоднага прафсаюзу, якія адпрацавалі ў першую зьмену. У сваю чаргу, прафсаюзныя лідэры, што арганізоўвалі шэсьце, вырашылі улічыць вось які фактар. Напярэдадні прайсьці ў адной калёне зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу да Палаца Спорту выказала жаданьне частка працаўнікоў згаданых заводаў, што зьяўляюцца сябрамі афіцыйных прафсаюзаў. Меркавалася, што такіх жадаючых будзе нямала. Аднак, напрыклад, на МТЗ большасць сяброў прафкаму вырашылі дзейнічаць інакш, паасобку, і пачынаць шэсьце не ад роднага заводу, а ад станцыі мэтро «Першамайская».

Зранку на МТЗ адбыўся зьвязаны зь сёньняшнім мітынгам інцыдэнт. Прафкам павесіў на прахадной заводу адпаведную абвестку, аднак яна тут жа была разарваная на шматкі супрацоўнікамі службы аховы прадпрыемства. Яшчэ адзін выпадак сёньня адбыўся і на Менскім аўтазаводзе. Яго генэральны дырэктар Валянцін Гурыновіч абрынуўся з вострымі нападкамі на кіраўніка мясцовай суполкі і адначасова лідэра рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Міхаіла Марыніча. Сп. Марыніч быў абвінавачаны ў дэстабілізацыі працоўнага калектыву і ў тым, што ён падбухторвае рабочых дзеля уласнай палітычнай карысьці.

А палове пятай, апроч Міхаіла Марыніча, на чале калёны Свабоднага прафсаюзу мэталістаў пад бел-чырвона-белым сьцягам гэтага прафсаюзу рушылі старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел і старшыня суполкі гэтага прафсаюзу маторнага заводу Валеры Захарчанка. Рабочыя накіраваліся да месца правядзеньня мітынгу пад лёзунгам: «Мы пастаўленыя на мяжу фізычнага выжываньня . Па цяперашніх цэнах мы ня можам пракарміць сем'і на сваю зарплату. Сытуацыя штодзённа пагаршаецца».