Навіны 20 студзеня 1999 г.

Уладзімер Глод, Менск

Афіцыйныя ўлады Беларусі працягваюць перасьлед арганізацыяў і асобаў, якія маюць дачыненьне да складу Цэнтральнай камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

З раніцы 20 студзеня ў шэрагу палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у Цэнтральную камісію па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, былі зафіксаваныя тэлефанаваньні зь Міністэрства Юстыцыі. Супрацоўнікі Ўправы рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў міністэрства цікавіліся, ці сапраўды адбыліся сходы, на якіх вылучаліся кандыдаты ў ЦэнтарВыбарКам, ці сапраўды адпаведныя пратаколы былі перададзеныя кіраўніку ЦВК Ганчару, ці захаваліся копіі гэтых пратаколаў, ці ёсьць магчымасьць супрацоўнікам міністэрства азнаёміцца з дакумэнтамі. Адпаведныя запыты былі накіраваныя ў Беларускую Асацыяцыю Маладых Палітыкаў, Беларускую Рэспубліканскую Партыю, Беларускую Асацыяцыю Журналістаў ды іншыя структуры, што мелі дачыненьне да вылучэньня кандыдатаў у ЦВК.

Такім чынам, улады разгарнулі татальную праверку арганізацыяў, якія не пабаяліся прыняць удзел у выбарчай кампаніі, абвешчанай Вярхоўным Саветам XIII скліканьня.

Наступствы такіх дзеяньняў лёгка спрагназаваць - пачнуць шукаць усялякія фармальныя зачэпкі, каб пасьля казаць пра парушэньне паўнамоцтваў з боку грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Менавіта паводле такога сцэнару ідзе шальмаваньне Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, ягонага кіраўніка, Прэзыдыюму і тых дэпутатаў, што застаюцца вернымі Канстытуцыі 1994 году.

Моцны ўціск ідзе й на паасобных сяброў ЦВК, у прыватнасьці на студэнта Юрыдычнага факультэту БДУ Ўладзімера Лабковіча, які зьяўляецца сябрам Беларускай Асацыяцыі Маладых Палітыкаў. 15 сьнежня летась ён быў вылучаны сходам Каардынацыйнай Рады асацыяцыі кандыдатам у склад ЦВК, а пасьля быў улучаны ў камісію. Паводле словаў старшыні Асацыяцыі Маладых Палітыкаў Анатоля Лябедзькі, студэнта запрашалі для размовы «пэдагогі», якія раілі хлопцу не псаваць сабе жыцьцё, папярэджвалі пра нэгатыўныя для яго наступствы, калі студэнт застанецца ў складзе ЦВК. Усё скончылася тым, што ў маладога чалавека забалела сэрца, яму выпісалі бюлетэнь, і стаіць пытаньне, каб пакласьці Лабковіча ў шпіталь.