Навіны 08 студзеня 1999 г.

Айцец Канстантын Бандарук, Прага

Камэнтар да ўдзелу Лукашэнкі ў каляднай багаслужбе.

У сувязі з гэтым самыя па сабе ўзьнікаюць некаторыя думкі. Сапраўды гэта была менавіта маніфэстацыя самага цеснага саюзу паміж Царквою й дзяржаваю. Два бакі - і прэзыдэнт і Мітрапаліт - правялі ў праваслаўным храме чыста прапагандысцкае "шоў", якое з Калядамі ня мае нічога супольнага. Абодва бакі ня першы раз забыліся пра сваё месца і перакананьні і згодна, у сваіх інтарэсах правялі ў храме паказуху аднадумства і ўзаемнай падтрымкі.

Кіраўнік дзяржавы можа наведаць любы храм, асабліва калі яго запрашаюць, і можа прамовіць у ім, калі яго просяць. Аднак ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы, дзе акрамя праваслаўных ёсьць каталікі, баптысты ды іншыя канфэсіі. Усе яны заслугоўваюць адолькавага стаўленьня да іх з боку ўладаў, і кіраўнік дзяржавы не павінен паказваць сваю прывязанасьць да адной з канфэсіяў. Кіраўніцтва шэрагу краінаў спрабуюць заручыцца ў сваіх палітычных мэтах падтрымкаю з боку Царквы. Барыс Ельцын таксама ня раз стаяў са сьвечкай у храме, і тое самае робіць Лукашэнка. У Беларусі маем амаль ідэнтычную сітуацыю, калі кіраўніцтва краіны шукае падтрымкі з боку Царквы, а Царква падлізваючыся сьвецкім уладам - спрабуе замацаваць сваё ўпрывілеяванае становішча сярод іншых канфэсіяў. У сваю чаргу Мітрапаліт Філарэт ахвоча ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах і выразна падтрымоўвае курс Лукашэнкі на аб'яднаньне з "братняй Расеяй" і саюз братніх славянскіх народаў.

На маю думку, ўсе відавочныя дэманстрацыі падтрымкі курсу прэзэдэнта з боку Праваслаўнай Царквы ў Беларусі зьяўляюцца непасрэдным парушэньнем прынцыпу аддзяленьня Царквы ад дзяржавы. Праваслаўная Царква заяўляе аб сваёй апалітычнасьці, але бясконца паддаецца спакусе візантыйскага "кесарапапізму", сымфоніі з уладамі, якая заўсёды прыводзіла да падпарадкаваньня Царквы "князям гэтага сьвету" і рабалепства перад імі. Мітрапаліт Філарэт павінен ведаць Сьвятое Пісаньне, у якім сказана: "Не хадзіце пад адным ярмом зь нявернымі, бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем" (2 Кар 6, 14). Прэзыдэнт заяўляе, што ён "праваслаўны атэіст", а гэта поўная недарэчнасьць, такая, як "веруючы бязбожнік". Гэтаму бязбожніку Мітрапаліт уручае ікону, што само па сабе зьяўляецца абсурдам і ганьбаваньнем сьвятыні. Гэта ўсё роўна, што заслужанаму перад партыяй камуністу уручыць залачоны царкоўны крыж.