На 50-я ўгодкі прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека ў Наваполацку адна з гарадзкіх газэтаў надрукавала поўны тэкст Дэклярацыі, а ў мінулую нядзелю чальцы наваполацкай суполкі «Маладога Фронту» арганізавалі пікет. Гэтым разам гарвыканкам вызначыў месцам правядзеньня акцыі не бязьлюдны Прыдзьвінскі парк, як ён гэта рабіў апошнія два гады, а пляцоўку насупраць гарадзкога Палацу Культуры. Згаданы пікет меў ня толькі інфармацыйны, але й канкрэтны характар. Маладафронтаўцы выступілі ў абарону палітвязьняў Аляксея Шыдлоўскага ды Ўладзімера Плешчанкі. Дарэчы сказаць, напярэдадні ўгодкаў прыняцьця падставовага прававога акту цывілізаванага сьвету – Дэклярацыі правоў чалавека – Наваполацкая Рада Беларускага Народнага Фронту накіравала Аляксею Шыдлоўскаму ліст, які быў надрукаваны ў інфармацыйным бюлетэні Рады і які варта зацытаваць: «Наш бязладны час запатрабаваў герояў, і яны зьявіліся. Зьявіліся людзі, што сталі сымбалем нацыянальнага супраціву. Перш чым напісаць палымяныя словы «Жыве Беларусь!» на сьцяне, ты, Аляксей, напісаў іх на сваім сэрцы. Навачасны Галіят хацеў ператварыць нас у пахілых прыматаў, у бязмозглых зомбі, здатных толькі выконваць чужую волю. Ты, Аляксей, выйшаў на двубой з Галіятам, засьведчыўшы тым самым, што Беларусь будзе жыць, што яна не сканае пад чужынскім плотам». Сябры БНФ такім чынам выказалі сваю падтрымку лістоўна, а іх маладыя браты, палічыўшы рамкі эпісталярнага жанру задужа вузкімі, узялі ў рукі плякаты, велізарны бел-чырвона-белы сьцяг і сталі ад ранку 13 сьнежня ў пікет на прыступках гарадзкога Палацу Культуры. Яшчэ адна інфармацыйная група разгарнула даўжэзны транспарант у цэнтры гораду на ўскрайку пляца Будаўнікоў. На транспаранце былі напісаныя прозьвішчы палітвязьняў і красамоўны тэкст: «Яны ня сталі на калені. Яны не схацелі стаць халуямі, а таму трапілі за краты». Падчас акцыі яе ўдзельнікі раздавалі мінакам улёткі з партрэтамі палітвязьняў, а таксама нумары згаданага інфармацыйнага бюлетэню. Навапалачане, як высьветлілася, кепска абазнаныя ў справе Шыдлоўскага й Плешчанкі, а прачытаўшы ўлёткі шмат хто зь іх уголас абураўся сытуацыяй, пры якой злодзеі й хабарнікі сядзяць у барах і казіно, а людзі з чыстымі й сьветлымі душамі мусяць сядзець на нарах. Акцыя доўжылася 2 гадзіны, і не пасьпелі маладафронтаўцы сыйсьці з пляцу, як там быў выстаўлены яшчэ адзін пікет, арганізаваны з нагоды ўгодкаў прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі мясцовай суполкай Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі. Пры гэтым міліцыянтаў, якія раней дэманстратыўна наведвалі падобныя мерапрыемствы, на пляцы не было бачна. Як паведаміў нам кіраўнік наваполацкай арганізацыі Маладога Фронту Зьміцер Салаўёў, наступны пікет у абарону палітзьняволеных прызначаны на 20 сьнежня, і праводзіцца яны будуць да той пары, пакуль Аляксей Шыдлоўскі і Ўладзімер Плешчанка ня выйдуць на волю.