Аўтар і вядучы Мікола Іваноў. Эфір 25 жніўня 1999
Вось перада мною рэклямны праспэкт аднае з расейскіх фірмаў, якая займаецца
працаўладкаваньнем за мяжою ад 1992 году, “Шлях да дабрабыту”. Цытую гэты
дакумэнт: “Мы прапануем працу маладым кабетам на Кіпры ў якасьці хатніх
гаспадыняў, афіцыянтак і няняў; мужчынам з будаўнічымі спэцыяльнасьцямі
– ў Чэхіі, Нямеччыне й Фінляндыі; зваршчыкам і швеям-матарысткам – у Ізраілі;
і кампутарнікам – па ўсім сьвеце”.
У якасьці камэнтара да гэтага дакумэнту прыгадаю, што за апошнія гады
пэрспэктывы працаўладкаваньня за мяжою для спэцыялістаў з высокай і вышэйшай
адукацыяй узрасьлі, і надалей назіраецца тэндэнцыя да іхнага росту.
Якія ж яшчэ назіраюцца тэндэнцыі на рынку працы? І ці сапраўды вашыя
прыватныя капіталаўкладаньні ў адукацыю – гэта самае выгаднае й карыснае
выкарыстаньне вашых сродкаў і высілкаў ў сёньняшнім сьвеце?
Тое, што кожны выезд на заробкі за мяжу хавае ў сябе як пазытыўныя,
так і адмоўныя бакі – гэта амаль што аксіёма. Але бальшыня лічыць, што
тыя першыя, пазытыўныя, пераважаюць.
Есьць даволі шмат выпадкаў, некаторыя зь якіх вядомыя мне асабіста:
калі людзі не вытрымліваюць выпрабаваньня чужынаю, трацяць псыхічную раўнавагу,
губляюць заробленыя зь цяжкасьцю грошы, трапляюць у канфлікт зь мяйсцовымі
законамі, і нават канчаюць жыцьцё самагубствам.
Каб так не сталася, кожны з тых, хто кіруецца на заробкі за мяжу, павінен
валодаць адпаведнымі якасьцямі характару, якія б дазвалялі знаходзіць выхад
з самых складаных сытуацыяў.
Якія ж гэта якасьці? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да эмігранта ў ЗША
амаль з 50-гадовым стажам Вячкі Станкевіча, які на працягу больш як 10
гадоў быў дырэктарам Беларускае рэдакцыі Радыё “Свабода” і цяпер актыўна
ўдзельнічае ў эмігранцкім беларускім жыцьці. Вось, што ён мне адказаў:
(Станкевіч: ) “На маю думку ёсьць дзьве неабходныя якасьці, якімі мусіць
валодаць кожны, хто кіруецца на заробкі. Па-першае, чалавек мусіць верыць
у свае здольнасьці, і верыць, што ўсе цяжкасьці, зьвязаныя з пераездам
у новую краіну, ён пераадолее. Па-другое, гэты чалавек мусіць быць сацыяльнай
асобаю, асобаю, якая сьмела далучыцца да йснуючай грамады, і выкарыстае
той кавалак бацькаўшчыны, на які ён натрапіў за мяжою. І тады ён ня будзе
сябе адчуваць адарваным у чужым асяродку. Тут як бы падвойнае: і незалежнасьць,
і залежнасьць ад тых беларускіх арганізацыяў, якія існуюць у тых краінах,
куды прыехаў эмігрант”.
Нядаўна адзін мой знаёмы расказаў мне аб тым, што прэстыжны і элітарны
характар некаторых былых савецкіх вышэйшых навучальных установаў у значнай
ступені захаваўся. Выпускнікам маскоўскіх Фізіка-тэхнічнага інстытуту,
Баўманскага ўнівэрсытэту і матэматычнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту
амаль аўтаматычна гарантаваная праца ў багатых заходніх фірмах за мяжою
або ў іх філіях у Расеі.
Больш таго, прадстаўнікі гэтых фірмаў палююць на выпускнікоў гэтых вышэйшых
навучальных установаў яшчэ пад час навучаньня. І таму я спытаўся спадара
Вячку Станкевіча: ці сапраўды вартасная адукацыя мае такую высокую цану
на Захадзе? Ці сапраўды варта рабіць усё магчымае, каб атрымаць яе? Ягоны
адказ быў наступны:
(Станкевіч: ) “Людзі, якія хочуць атрымаць працу за мяжою, нейкі час
папрацаваць там, зарабіць грошы й пазьней вярнуцца дадому, гэткая пэрспэктыва
хутчэй за ўсё для адукаванае часткі насельніцтва. Часам адукаваныя людзі
выяжджаюць зусім у невядомае, ня ведаючы спэцыфічных умоваў той ці іншай
краіны. Возьмем прыклад пасьляваеннае эміграцыі. Асобы з гуманітарнай падрыхтоўкаю
часцей за ўсё апыналіся ў бібліятэках. Як гэта сталася? Праца бібіліятэкара
патрабуе адпаведнага ўзроўню адукацыі. Сталася так, што нехта адзін з беларусаў
пайшоў працаваць у бібліятэку і паведаміў пра гэта іншых, і такім чынам
сярод адукаваных беларусаў зьявілася вельмі шмат бібліятэкараў. Тыя ж беларусы,
што мелі тэхнічную адукацыю, не змаглі пайсьці працаваць як інжынэры, а
падобным чынам пачалі працаваць як крэсьляры. Такім чынам, адукаваныя беларусы
маглі выкарыстаць сваю прафэсыйную падрыхтоўку”.
Эканамічная і палітычная сытуацыя ў Беларусі сёньня вядома якая. Камэнтар
тут наўрад ці патрэбны. І таму ў гэтых варунках кожны выезд на заробкі
можа ператварыцца ў эміграцыю? Ці гэта сапраўды негатыўная тэндэнцыя? І
што трэба зрабіць, каб Беларусь як найменш пакутвала ад адплыву мазгоў?
Вячка Станкевіч камэнтуе гэтую праблему:
(Станкевіч: ) “Першае, што трэба зрабіць – гэта падняць агульны ўзровень
жыцьця ў Беларусі. Тое, што назіраецца цяпер, спрыяе таму, што многія беларусы
ня ў стане выкарыстаць свой патэнцыял дома, і могуць зрабіць гэта толькі
за мяжою. Сытуацыя зьмянілася б, калі б Беларусь стала, калі не сябрам
Эўрапэйскага Зьвязу, дык хоць бы кандыдатам у сябры, так, як цяпер Польшча
ці Чэхія, некаторыя іншыя краіны – тады б сытуацыя адразу ж палепшылася,
бо можна было б разьлічваць, што Эўропа, уключна з Беларусьсю, будзе бязь
межаў. Значыць, чалавек, які хоча выкарыстаць свае веды за мяжою, можа
гэта сьмела зрабіць і сьмела вярнуцца, без аніякіх цяжкасьцяў і ў выезьдзе
ў новую краіну, і ва ўезьдзе дадому”.
Колькасна лічба тых, хто выяжджае за мяжу на заробкі, павялічваецца
з кожным днём. Растуць уплывы беларускае эміграцыі ў тых краінах, куды
кіруюцца “за хлебам” беларусы. Але па-ранейшаму яе ўплывы абсалютна немагчыма
параўнаць з уплывамі італьянскай, ірляндзкай ці польскай эміграцыі. Паўстае
пытаньне: ці існуе магчымасьць ператварыць новую беларускую эміграцыю ў
актыўную, дзейную сілу, здольную пазытыўна ўплываць (фінансава й палітычна)
на лёсы Бацькаўшчыны? Вячка Станкевіч адказвае на яго наступным чынам:
(Станкевіч: ) “Што можна зрабіць на ўжо зусім побытавым узроўні? Каб
жа цяпер як найболей людзей, якія выяжджаюць зь Беларусі, кантактавалі
з такой арганізацыяй, як “Бацькаўшчына” ў Беларусі… І паведамілі, што яны
зьбіраюцца выяжджаць у тую ці тую краіну – зь кім можна было б скантактавацца?
І каб гэтыя кантакты былі наладжаныя паміж “Бацькаўшчынаю” і тымі арганізацыямі,
якія існуюць. Каб тыя людзі, якія прыяжджаюць, не расплываліся ў тым “усесаюзным”
моры, якое йснуе на эміграцыі, а ўсё ж такі далучаліся да тых арганізацыяў,
якія можа й не валодаюць вялізнымі магчымасьцямі, але ўсё ж такі зьбліжаюць
людзей да свайго.
Так гэтая настальгія павінна была б памагчы й тым людзям, якія прыяжджаюць,
і тым арганізацыям, той грамадзе, якая там ужо на мейсцы, якая б расла
разам з прыездам новых людзей”.
Нягледзячы на тое, што ад развалу Савецкага Саюзу й стварэньня незалежнае
беларускае дзяржавы мінула ўжо больш за 8 год, словы “эміграцыя” і “іміграцыя”
па ранейшаму маюць таямніча-негатыўнае значаньне ў сьвядомасьці значнае
часткі беларусаў. Выезд за мяжу, а тым больш на заробкі, усё яшчэ ня стаў
нормаю. Пануе яшчэ стэрэатып, што заробкаваньне за мяжою сымбалізуюць сабою
разьвітаньне з Бацькаўшчынай назаўсёды.
Аднак сучасны сьвет цесны, і эканамічныя межы ўжо даўно не супадаюць
зь межамі гістарычнымі й нават палітычнымі.
ХХІ стагодзьдзе, безумоўна, мае пэрспэктыву стаць стагодзьдзем бяз межаў,
стаць стагодзьдзем свабоды, у тым ліку свабоды працы.
Мікола Іваноў, Прага